«Страх чакання»



Ва Украіне набліжаецца трыццаць першая гадавіна з дня абвяшчэння незалежнасці. Год таму, у 2021 годзе, адзначаючы юбілейную дату, украінцы глядзелі ваенны парад у Кіеве і Адэсе. Нехта спецыяльна для гэтага прыехаў у сталіцу, нехта абмежаваўся тэлетрансляцыяй. Але зразумела было адно: у людзей святочны настрой, выхадны дзень і, адпаведна, усе стараліся выкарыстоўваць яго па максімуме. Сімвалічна ці не, але роўна праз шэсць месяцаў, дзень у дзень, пачалося поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну, якое падзяліла краіну на „да” і „пасля”. І роўна шэсць месяцаў да сёлетняга Дня Незалежнасці. Прывязка да знакавых падзей, дат і сімвалаў – адметная рыса крамлёўскага монстра.

Трук танны, але небяспечны, бо зараз Дзень Незалежнасці для ўкраінцаў нясе асаблівы сэнс. І гэта ўжо не проста святочны дзень з парадам, канцэртамі і феерверкамі, як у мінулыя гады. Гэта рэальная барацьба. На думку ваенных экспертаў, памяншэнне інтэнсіўнасці ракетных удараў у апошнія дні і нават наўмысная паўза – не што іншае, як падрыхтоўка да масіраванага нападу менавіта ў Дзень Незалежнасці. Помста за крымскія „хлапкі” магла быць своечасовай, але некалькі дзён таму гэтага не адбылося.

Значыцца, рыхтуюцца да дваццаць чацвёртага. У Офісе Прэзідэнта Украіны папярэджваюць аб пагрозе варожых удараў крылатымі ракетамі па шэрагу гарадоў, у тым ліку і па сталіцы. І заклікаюць людзей не ігнараваць сігналы паветранай трывогі. З-за крытычнай сітуацыі з Запарожскай атамнай станцыяй і пастаяннага ядзернага шантажу з боку РФ некаторыя тэрытарыяльныя грамады былі вымушаны ўвесці некалькі новых сігналаў трывогі, якія папярэджваюць аб хімічнай і радыяцыйнай небяспецы. Адпаведна гэта гук царкоўных званоў і звон у набат.

Гудок цягніка – гэта сігнал эвакуацыі з горада. Ва Украіне ёсць мабільны дадатак «Паветраная трывога», ім карысталася мая сям’я, знаходзячыся ў блакадным Чарнігаве, пакуль вораг не нанёс удар па гарадскіх мабільных вышках і не знікла сувязь. У дадатку трэба было пазначыць свой рэгіён. Калі сям’я пакінула Украіну, ужо на тэрыторыі іншай дзяржавы ў маці ў тэлефоне раптам раздаўся сігнал паветранай трывогі па Чарнігаве і вобласці. Страшна тое, што гэты гук не шакіраваў украінцаў, якія былі побач, да яго проста прызвычаіліся. Натуральна, мама выдаліла мабільную праграму. Але гэты гук застанецца ў галаве да канца яе дзён.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ