Страшны сон Януковіча



Восем гадоў прайшло з моманту самых трагічных падзей у сучаснай Украіне, следствам якіх сталі ўцёкі з краіны чацвёртага Прэзідэнта Віктара Януковіча. Майдан, Нябесная Сотня, «Віця» ў Растове. І тады, як расказвалі мае дарослыя знаёмыя, цёзкі Віктара Фёдаравіча вельмі саромеліся свайго імя і імя па бацьку, каб не станавіцца аб’ектам дурных жартаў.

Асабліва калі тэма тычылася залатога ўнітаза, нібы знойдзенага ў апартаментах збеглага прэзідэнта ў Межыгор’е. Дагэтуль невядома, ці быў насамрэч гэты ўнітаз залатым, але для Януковіча ён відавочна стаў мінусам у карму. 

18-21 лютага 2014 года, як лёсавызначальныя дні для ўкраінскага народа, пераклікаюцца з гэтымі днямі. Тады праходзіла зімовая Алімпіяда ў Сочы, цяпер – у Пекіне. Нейкае дэжавю. Толькі восем гадоў таму прэзідэнт адной дзяржавы, праўда, ужо нелегітымны, звярнуўся з пісьмовай просьбай да прэзідэнта іншай дзяржавы ўвесці войскі, і апошні атрымаў на гэта аднагалосны дазвол ад Савета Федэрацыі.

Але чамусьці амаль праз чатыры месяцы мандат быў адкліканы. Затое зараз увесь свет звяртаецца да прэзідэнта іншай дзяржавы з патрабаваннем адвесці войскі ад меж з Украінай. 

Гэтымі днямі ва ўкраінскіх гарадах праходзяць маршы еднасці. І хаця рэйтынг цяперашняга прэзідэнта прыкметна знізіўся, у параўнанні з пачаткам кадэнцыі, народ дэманструе сваю еднасць і гатоўнасць абараняць краіну. Такая зладжанасць Януковічу і ў страшным сне не снілася.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ