Сведкі гісторыі



Пра правадыра сусветнага пралетарыяту маё пакаленне ведае альбо з падручнікаў па гісторыі, альбо з апавяданняў бацькоў. Гіганцкі дзядзька, як атрыбут галоўных пляцаў гарадоў, дзе я бывала ў дзяцінстве, выклікаў у мяне цікавасць выключна з прычыны маніпуляцый яго рук. Потым я пачала прыглядацца да адзення і паставаў: у пінжаку ці ў паліто, у кепцы ці ззяе лысінай, стаіць ці сядзіць. Потым тата вымысліў мне забаву: звяртаць увагу, на які бок у Леніна прышыты гузікі — на «мужчынскі» ці «жаночы».

Потым быў 2014 год і ленінапад ва Украіне. Мы, падлеткі, назіралі, як з пастамента скідалі вялізную постаць у кепцы пад гукі ўкраінскага гімна. Пасля чаго да Леніна падышоў нейкі дзед і смачна пацалаваў яго ў нос. І літаральна праз некалькі хвілін да пустога пастамента людзі прыцягнулі ўнітаз, афарбаваны ў чырвоны колер. Было дзіўна, але вельмі ўрачыста. «Глядзіце, дзеці, і запамінайце: зараз нараджаецца гісторыя новай Украіны. Бывай, савецкае мінулае!» – пракрычаў нам другі дзед, правільны, у адрозненне ад таго цалавальшчыка ленінскага носу.

Гэта быў позні вечар. Натуральна, бацькі мелі цвёрды намер мяне вылаяць, калі я прыйшла, але чамусьці перадумалі. А потым тата наліў чарку і вельмі эмацыйна з кімсьці меў зносіны па скайпе. А мама, на здзіўленне, зусім з гэтай нагоды не абуралася. Праз некалькі гадоў помнік быў прададзены з аўкцыёну і зараз жыве ў чыёйсьці прыватнай калекцыі. Можа, яго купіў дзед, які пакінуў пацалунак на носе правадыра сусветнага пралетарыяту?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ