У вайны твар халеры



У адрозненне ад людзей і жывёл, падчас вайны найлепшым чынам сябе адчуваюць разнастайныя хваробы. Асабліва інфекцыйныя. Вайна – гэта вымушаная антысанітарыя: крыніцы пітной вады забруджваюцца праз неглыбока выкапаныя магілы і смецце, якое гніе на вуліцах разбураных гарадоў. Украінскія медыкі б’юць трывогу. Амаль пяць месяцаў ваенных дзеянняў, сярэдзіна спякотнага лета, знішчаныя бамбардзіроўкамі медыцынскія ўстановы, у тым ліку лабараторыі, вялікая колькасць людзей у эвакуацыі, часты кантакт з крывёй – усё гэта спрыяе хуткаму распаўсюджванню інфекцыйных хвароб і эпідэмій. Плюс аслаблены імунітэт на фоне няспыннага стрэсу. То бок, да рызыкі памерці ад раненняў і траўмаў з-за баявых дзеянняў дадаецца рызыка загінуць ад інфекцыйных хвароб. Ды і каронавірус нікуды не знік. Пасля непрацяглага зацішша і ва Украіне, і ў Еўропе ў цэлым расце захворванне. Ясная справа, хто думае аб масках падчас паветранай трывогі?! На прыкладзе маіх блізкіх ведаю, як падчас актыўнага кавіда ўсё падвяргалася жорсткай дэзінфекцыі: рукі, паверхні, крамныя пакаванні прадуктаў, і тыя ж рукі, якія раней бязлітасна апрацоўваліся антысептыкам да стану расколін, зараз ужо перасталі хваляваць у брудных бамбасховішчах.

Людзі сталі ўразлівыя да тых інфекцыйных хвароб, якімі цяжка заразіцца ў мірны час імунакампетэнтнаму, калі казаць медыцынскім слэнгам, чалавеку, а калі раней і «чаплялася» хвароба, то верагоднасць ад яе памерці зводзілася да нуля. Таму цяпер для ўкраінцаў супраціў ворагу і супраціў хваробам – паняцці ўзаемазвязаныя. А халера няхай ляціць за парэбрык.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ