Уяўная дабрачыннасць



Вайна вайной, а выбары – па раскладзе. Мясцовыя выбары ва Украіне прызначаныя на 25 кастрычніка. Улічваючы тое, што да гадзіны Ікс засталося менш за месяц, кандыдаты актывізавалі сваю вынаходлівасць ў плане подкупу выбаршчыкаў. І на мясцовых выбарах такі подкуп працуе больш сістэмна, чым на нацыянальных. Растлумачыць гэта проста: у мясцовую ўладу, у асноўным, ідуць бізнесмены-абарыгены. У кагосьці цукровы завод, у кагосьці пякарня, а нехта ўладальнік сеткавых супермаркетаў. Чаму б гэтым не «падзяліцца» з выбаршчыкам? Асабліва калі вельмі хочацца стаць мэрам горада.

Іншая справа – трапіць у мясцовыя саветы па партыйных спісах. Тут крыху іншы маштаб. Асобна ўзятая палітычная сіла можа сабе дазволіць забяспечыць выбаршчыка не проста кілаграмам грэчкі ці цукру, а ашчаслівіць кожную сям’ю наборам кубкаў са сваім лагатыпам або торбай з медыкаментамі (што надзвычайна актуальна апошнія 9 месяцаў!), на якой напісана назва партыі. Прычым усё гэта носіць дабрачынны характар. І вось тут пачынаецца сутыкненне закона і выключнай чалавечай дабрыні і шчодрасці: ўкраінскае заканадаўства наўпрост забараняе палітычным партыям у перыяд выбарчага працэсу выкарыстоўваць свае маёмасць і сродкі для дабрачыннай дзейнасці, таму што такога роду дапамога змяшчае прыкметы ўскоснага подкупу выбаршчыкаў. А гэта, дарэчы, крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў. Не б напаіць прагных і накарміць галодных за ўсе гады кадэнцыі, а не толькі за 50 дзён да выбараў!

Кандыдаты і партыі не ў сілах справіцца з цяжарам уласнай дабрыні, таму заклікаюць на дапамогу тых, хто раней называўся агітатарам, а цяпер, па-моднаму – валанцёрам. Толькі, на жаль, у гэтых рэаліях паняцце «валанцёр» маральна абясцэнілася, затое падаражэла матэрыяльна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ