Узаконеная авантура



Што вы ведаеце пра авантуры ў перыяд каранціну? Не, гэта не рызыкнуць выйсці на вуліцу без маскі ці ўладкаваць пікнік вялікай кампаніяй на беразе ракі; сапраўдная авантура ў такой сітуацыі – гэта рашэнне адгуляць вяселле! Бо рэгістрацыю шлюбу ніхто не адмяняў. Авантура – замовіць вясельную сукенку ў інтэрнэце, віртуальна кінуць букет нявесты і гэтак жа віртуальна яго злавіць. Затое ў шматлікіх з’яўляецца магчымасць быць запрошанымі на вяселле ў рэжыме online, чаго б, верагодна, магло б ніколі і не адбыцца ў звычайных умовах.

Вяселле – гэта заўсёды шоў, а каранціннае вяселле – шоў больш арыгінальнае, маштабнае і, як ні дзіўна, эканомнае! У маладых аўтаматычна знікла неабходнасць праводзіць банкет у рэстаране – цяпер гэта фізічна немагчыма. Добрая альтэрнатыва рэстараннаму – хатняе застолле з залучэннем гасцей у рэжыме відэаканферэнцыі, але ўсё гэта адбываецца толькі пасля правядзення вясельнай цырымоніі, а яна, дарэчы, арганізавана з дапамогай online-трансляцыі.

Сваякі маладых, якія жывуць за тысячы кіламетраў, нават на адлегласці могуць падняць келіх шампанскага за іх здароўе. Але ёсць яшчэ адзін несумнеўны плюс: на такім вяселлі ніколі не адбудзецца бойка, што вельмі часта зʼяўляецца неадʼемным элементам гэтай падзеі. Праўда, выключэннем можа стаць бойка паміж жаніхом і нявестай, каб ужо на сто адсоткаў не парушаць вясельныя традыцыі!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ