Валанцёры-жывадзёры
Валанцёрства – справа шляхетная, добраахвотная і сацыяльна-значная. Гэтае слова выклікае ў навакольных павагу, таму што марнаваць свой час, сілы і часцяком грошы на бязвыплатнай аснове гатовы далёка не кожны.
Зараз актыўна развіваецца такі кірунак, як зоаваланцёрства: людзі аб’ядноўваюцца ў групы, супольнасці ў сацсетках і ў рэальным жыцці, будуюцца прытулкі. Асабліва актыўныя штурмуюць кабінеты чыноўнікаў, каб выбіць сродкі і памяшкання для ўтрымання жывёлаў. Але побач з гэтым існуе і абсалютна цынічная з‘ява – псеўдаваланцёрства. І не трэба блытаць гэта паняцце з цалкам легальнай дзейнасцю ў сферы паслуг: ёсць гасцініцы для сабак і катоў, якіх гаспадары на перыяд сваёй адсутнасці пакідаюць на апеку супрацоўнікаў з магчымасцю аказання ветэрынарнай дапамогі. Тут, як у людзей, існуе аплата пражывання за суткі і за харчаванне. І ўсё знаходзіцца пад кантролем санітарных і падатковых органаў. А псеўдаваланцёры – гэта тыя, хто прыкрываючыся любоўю і спачуваннем да бяздольных жывёлаў, забіраюць іх у сапраўдных валанцёраў на ператрымку, пакуль не знойдуцца новыя гаспадары. І робяць гэта за грошы. І зноў-такі, гэта хай незаконны, але і прама не забаронены від дзейнасці. Такія сабе дробныя камерсанты. Але гаворка нават не пра іх.
Зусім нядаўна па ўкраінскіх тэлеканалах прайшла шакавальная інфармацыя: у невялікім гарадку ў Кіеўскай вобласці ў трохпакаёвай кватэры быў знойдзены канцлагер для жывёлаў. Цягам доўгага часу суседзі стала чулі з гэтай кватэры не толькі брэх, але і немыя гукі, якія выдаваліся жывёламі. Потым у кватэры паверхам ніжэй на столі спачатку з’явіліся плямы, потым пачала капаць смуродная вадкасць. Усе спробы выклікаць гаспадароў для таго, каб растлумачыць, што адбываецца, не давалі выніку – тыя проста не адчынялі дзверы. Калектыўныя заявы ў паліцыю – таксама.
Прадстаўнікі ўлады спасылаліся на тое, што не маюць права ўварвацца ў кватэру і тым больш ўзламаць дзверы ў чужое жытло, калі няма пагрозы жыцця чалавеку, які знаходзіцца ўсярэдзіне. І людзі пачалі «біць у званы», заклікаючы журналістаў і адвакатаў даць агалоску гэтай праблеме. Так бы мовіць, стукайцеся, і Вам адкрыюць. Паліцыя, тэлевізійшчыкі, кінолагі і адвакаты ўсё ж такі трапілі ў гэтую злашчасную кватэру. Ўбачанае зрынула ў шок – на шасцідзесяці квадратных метрах у клетках і без знаходзілася каля паўсотні знясіленых, параненых і запалоханых катоў і сабак. Гаспадароў адправілі на псіхіятрычную экспертызу, і калі суд вынесе рашэнне аб іх асуднасці, ім пагражае альбо вялікі штраф, альбо пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў. Гаспадары кватэры гучна называлі сябе зоаваланцёрамі і абаронцамі жывёлаў ад пагроз навакольнага свету. Прыкра, што праваахоўнікі рэагуюць на падобныя сітуацыі толькі пад ціскам журналістаў.
Атрымліваецца, што журналіст мае рэальную ўладу ў параўнанні з законнымі яе прадстаўнікамі. І плюс проста людскія якасці, зноў-такі ў параўнанні.