Ён ці Яна… Ці Яно?



Бедная і шматпакутная Гаспадыня. Ён пражыў з ёй амаль пяць гадоў. Ён стварыў сабе імідж добрага мужа і проста разумнага і адукаванага чалавека. А па суседстве жыла Яна. Але ўсе вакол ведалі, што ў Яго былі адносіны з суседкай, на тэрыторыі дома якой меў свой бізнес. Ён вельмі любіў ласункі і яго візітнай карткай быў шакалад.

У Гаспадыні была блізкая сяброўка – Яна, сяброўства з якой пачалося задоўга да таго, як з’явіўся Ён. Гаспадыня давярала Ёй свае сакрэты, а часам нават дазваляла гаспадарыць у сябе дома. Яна часта карысталася гэтым даверам і на шкоду інтарэсам Гаспадыні абменьвала яе рэчы ў суседкі, дзе меў бізнес Ён. Ён і Яна не сімпатызавалі адзін аднаму. Яна шмат разоў пераконвала Гаспадыню, што Ён ёй не пара і па заканчэнні пяці гадоў Гаспадыня павінна Яго выгнаць. Узамен Яна прапаноўвала сваю вернасць і адданасць на бліжэйшыя пяць гадоў.

У суседскім доме не маглі прыдумаць, на каго рабіць стаўку – на Яго або на Яе… Ён часам заглядваў яшчэ ў адзін суседскі дом. А пра Яе ў суседскім доме ведалі некаторыя таямніцы, якія Яна ад усіх надзейна захоўвала.

Зусім нядаўна каля Гаспадыні з’явілася Яно, якое прэтэндавала на яе руку і сэрца. Яно марыла, каб Ён і Яна зніклі з жыцця Гаспадыні. І часта выкарыстоўвала розныя хітрасці: весяліла і Гаспадыню, і суседні дом, даводзячы ўсіх да нястрымнага смеху. Ён і Яна не маглі зразумець: чаму Яно так раптоўна пачало займаць важнае месца ў жыцці Гаспадыні?

І толькі дзеці Гаспадыні павінны зрабіць выбар у канцы сакавіка – хто застанецца з мамай: Ён, Яна ці, можа, Яно. Гэта толькі іх воля. А суседзі Гаспадыні з далёкіх дамоў вельмі спадзяюцца, што яе дзеці будуць разважлівымі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ