Забабон як каларыт



Ёсць ва ўкраінцаў выдатнае слова „забабон”. Ёсць яно і ў беларусаў, і ў рускіх, і ў палякаў. Але чамусьці ёмісты, глыбокі сэнс гэтае слова набыло менавіта ва ўкраінцаў. Забабоны перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Гэта былі правілы, якія сфармаваліся на аснове назіранняў, рэгулявалі адносіны людзей паміж сабой і з навакольным светам. Натуральна, правілы часам парушаліся, а для гэтага былі патрэбныя так званыя антыдоты – супрацьяддзі. І каб дрэнная прымета не спраўдзілася, іх трэба было выканаць.

Найпростшы прыклад: нельга дарыць нож, інакш пасварышся з тым, каму дорыш. Антыдот – за нож трэба даць хаця б капейку, быццам яго купляеш, а не прымаеш у дарунак. І вось тут з’яўляецца вера ў сілу ўласных магчымасцяў: мне падарылі нож, але я магу паўплываць на патэнцыйную сварку, купіўшы яго за сімвалічны кошт. Чыстая псіхалогія. Чалавек будзе імкнуцца пазбягаць канфлікту, каб не абясцэніць антыдот.

Мая прабабуля-беларуска казала пра ўкраінскіх сваякоў свайго мужа, майго прадзеда, што яны „страшна забабонныя”. Не злосна, але з іроніяй. Прыяжджаючы ва ўкраінскую глыбінку на Каляды, яна дзівілася, як незамужняя сястра мужа з сяброўкамі, прыйшоўшы з царквы пасля вячэрняй службы, садзілася выліваць воск на ваду – так можна было даведацца, ці выйдзеш замуж у бліжэйшы час. Перад варажбой дзяўчыны распляталі косы і хавалі стужкі, каб не выкрасці адна ў адной шчаслівы лёс. Прабабка не магла зразумець, як яны сумяшчалі хрысціянскія традыцыі з варожбамі і забабонамі.

Існуе яшчэ адзін важны від забабонаў – фінансавы (кажуць, ім нават грашаць банкіры). Яны датычацца кашалька і яго змесціва. Каб вадзіліся грошы, трэба насіць з сабой купюру наміналам адзін даляр, прычым складзеную асаблівым спосабам. Калі ёсць у кашальку некалькі купюр па сто даляраў, то яны павінны ляжаць роўна-роўна, каб у прэзідэнта Франкліна галава не балела. У жадным разе нельга пазычаць грошы ў панядзелак, тым больш увечары. Браць толькі правай рукой, а аддаваць левай. У дзень зарплаты нельга траціць усе грошы – ім трэба пераначаваць у кашальку або на банкаўскай карце. Атрымліваецца, што „забабоннасць” прымушае людзей быць больш асцярожнымі, старанна абдумваць свае дзеянні і не моцна засмучацца ў выпадку няўдачы.

Цяпер такі час, што бабуля з украінскай глыбінкі гартае ў смартфоне навіны з Інтэрнэту, але варта ў яе доме разбіцца люстэркам, як яна тут жа пускаецца ў такое сабе падарожжа ў часе на некалькі стагоддзяў таму. Усё гэта міла і каларытна, галоўнае, каб забабон не стаў цэнтрам жыцця чалавека.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ