Заложнікі вайны
З пачатку ваенных дзеянняў тысячы звяроў у прытулках і заапарках Украіны апыніліся пад пагрозай смерці. Вядома ж, у прыярытэце былі і застаюцца людскія жыцці, але часткова эвакуацыя жывёл усё ж была. Некаторыя еўрапейскія заапаркі прымалі ў ёй актыўны ўдзел. Падчас актыўных абстрэлаў і бамбардзіровак супрацоўнікі заапаркаў адкрывалі вальеры для тых жывёл, якія, на іх думку, маглі выжыць у дзікай прыродзе, і выпускалі іх на волю. Гэта была адзіная магчымасць выратавання. А з драпежнікамі кругласутачна былі ахоўнікі і ветэрынары: моцны стрэс праз выбухі правакаваў неадэкватныя паводзіны жывёл, таму ім рэгулярна давалі заспакаяльныя і снатворныя прэпараты.
І калі звяры прама не пацярпелі ад ракеты, то яны атрымлівалі калецтвы ў клетках і вальерах, разбіваючы ад страху морды аб краты. На жаль, былі і смерці: прадстаўнікі экзатычных відаў гінулі ад холаду з-за адсутнасці электрычнасці, газу і дызеля. Дзякуючы валанцёрам жывёл удавалася карміць. Больш за ўсё пацярпелі заапаркі ў Мікалаеве і Харкаве, дзе да гэтага часу працягваюцца зруйнавальныя абстрэлы. Што да хатніх жывёл, то яны аказаліся заложнікамі вайны яшчэ ў большай ступені. Зачыненыя ў жытле, дзе загінулі іх гаспадары. Пад заваламі. Альбо кінутыя людзьмі, якія ратаваліся ўцёкамі. Судзіць у такой сітуацыі проста некарэктна. Затое цікава, ці здрыганецца ад такога жонка акупанта, якая наманікюраным пазногцем чухае за вушкам свайго гламурнага песіка?
У тых рэгіёнах Украіны, дзе цяпер адносна спакойна, з чацвераногімі працуюць зоапсіхолагі. Аказваецца, жывёл можна прывучыць да гукаў вайны, уключыўшы, напрыклад, запіс сірэны і стрэлаў на невялікую гучнасць, паступова яе павялічваючы. Тады звер гэта пачне ўспрымаць, як звычайны фон навакольнага свету. Як ні банальна гучыць, але жыццё працягваецца. І нараджаюцца дзіцяняты. Толькі зараз супрацоўнікі заапаркаў даюць ім спецыфічныя імёны – на тэрыторыі Украіны з’явіліся некалькі Байрактараў і Джавелінаў. І няхай прабачыць прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, дзіцяня ламы ганарліва носіць імя «Борыс Джонсан».