«Жыццё на смак”



Я ўвесь час каштую жыццё на смак. Вось, адшумелі святы – прысмак, як у негазаванага шампанскага: галава яшчэ ашалелая, але ўжо не весяліць. І пасля яго вельмі хочацца выпіць шклянку свежавыціснутага соку – пабачыць тых, з кім растаўся ў канцы мінулага года.

І пачынаецца лёгкая горач ад новых клопатаў, заданняў, праблем.

Цешыць думка, што ёсць адкуль чэрпаць сілы, ёсць жаданне тварыць, натхненне нікуды не знікла, а цікавасць да жыцця набывае нейкі азарт – ёсць рэчы, якія не даюць згаснуць таму агеньчыку, які трапятліва грэе мой юнацкі запал.

Раптам, здаецца, жыццё кідае ў рукі вялікі чырвоны яблык, і я лаўлю яго, і я берагу яго, адцягваючы момант асалоды, я рыхтую сабе гэты падарунак і… Не, ня банальная горач расчаравання, а агідная кіслата, пасля якой застаецца аскома.

А гэта што такое? Амерыканскія горкі? Адрэналін? Перац чылі? Абавязкова трэба запіць халоднай вадой, але калі-небудзь усё ж такі паўтарыць.

Лаўлю сябе на думцы, што ўвесь час трымаю ў кішэні кавалачак цукру. Мне проста хочацца хацець. Хацець жыць. Адчуваць, нюхаць, дыхаць гэтым, спрабаваць і даводзіць сваё жыццё да таго густу, як дасведчаная гаспадыня кожны раз ўдасканальвае сваю каронную страву.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ