«Зінгер»
З самага ранняга дзяцінства мая бабуля украінка апавядала пра сваё ваеннае дзяцінства. У памяці дзіцяці трывала захаваліся бамбардзіроўкі Чарнігава ў 1941 годзе, калі яе мама, мая прабабуля, у момант авіяналётаў, дзе б яны іх не заспелі, адразу кідалася на зямлю і накрывала сваю маленькую дачку сваім целам. З гукам самалёта і разарванай бомбы мяшаўся стук зубоў прабабулі. У 2005 годзе Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон «Аб сацыяльнай абароне дзяцей вайны», згодна з якім пад гэтую катэгорыю траплялі тыя грамадзяне Украіны, хто на момант заканчэння Другой сусветнай вайны (2 верасня 1945 года) быў непаўналетнім.
Закон прадугледжваў невялікія льготы ў аплаце камунальных паслуг і пераважнае права застацца на працы ў выпадку скарачэння штатаў. Льготы сапраўды неістотныя, але «дзеці вайны», да часу прыняцця закона ўжо бабулі і дзядулі, хоць неяк адчувалі клопат дзяржавы. Цяжкі жыццёвы шлях тых, чыё дзяцінства прыйшлося на гады Другой сусветнай вайны, атрымаў прызнанне толькі праз шэсцьдзесят гадоў. І вось цяпер мая бабуля з горыччу кажа аб тым, што гэты яе статус, набыты ў сталым узросце, – нішто ў параўнанні з тым, што даводзіцца перажываць дзецям вайны цяперашняга часу.
Дзеці, якія жылі і выжылі ў пачатку саракавых мінулага стагоддзя, не мелі тых радасцяў і магчымасцяў, якія маюць дзеці новай вайны. Не маючы іншых цацак, акрамя шытай лялькі, мая бабуля выяўляла павышаную цікавасць да швейнай машынкі «Зінгер»: кола і рычажкі вабілі дзіця чароўным узаемадзеяннем, а строгая забарона набліжацца да машынкі толькі ўзмацняла жаданне да яго дакрануцца. Калі пачаліся бамбардзіроўкі гораду, прабабка вырашыла выратаваць «Зінгер» – проста закапала яго ў агародзе. Ні снег, ні мароз, ні дождж, ні варожая прысутнасць не паўплывалі на стан швейнай машынкі. Яна да гэтага часу служыць маёй сям’і.
І чамусьці словазлучэнне «дзеці вайны» у мяне асацыюецца менавіта з «Зінгерам». Мірным, прадуктыўным і вечным. Да якога, дарэчы, я ў дзяцінстве таксама выяўляла падвышаную цікавасць, нягледзячы на цэлы арсенал цацак.