„Знак роўнасці”



Тое, што нельга ставіць знак роўнасці паміж уладай і народам, які ўладу абраў (шляхам дэмакратычных выбараў або ў выніку поўнай фальсіфікацыі вынікаў галасавання), зразумела кожнаму разважнаму чалавеку. Яскравы прыклад – беларусы. Не прыклад – расейцы. Нешта паміж імі – туркі. Хоць „добрых туркаў” у плоскасці стаўлення да вайны ва Украіне значна больш, чым „добрых рускіх”. Па колькасці і па якасці добрасці. Маю прыклад з асабістага досведу: калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну, нашы турэцкія сябры – сям’я, у якой мы з мамай праводзілі адпачынак цягам сямі гадоў, патэлефанавалі аднымі з першых і адразу ж прапанавалі да іх прыехаць, на сувязі дагэтуль.

Праўда, і руская сям’я прапанавала, толькі асцярожненька так, толькі на чацвёрты-пяты дзень, і толькі не зусім ад вайны, а перачакаць „спецаперацыю”. Турцыя – стратэгічны партнёр Украіны, і турэцкая ўлада гэта даказала на пачатковым этапе вайны: закрыла для расійскіх ваенных караблёў пралівы праз Басфор і Дарданэлы, аказала каласальную гуманітарную і палітычную падтрымку (дзякуй за «Байрактары»!). Хаця, разам з тым, мае і свае інтарэсы, якія для ўкраінцаў непрымальныя. Гаворка аб турыстычным сезоне. І чартары лётаюць, і некаторыя тураператары, забяспечваючы расейцам трансфер з аэрапорта, выстаўляюць у аўтобусах таблічкі з літарай „Z”.

Праўда, замежныя турысты ад гэтых аўтобусаў шарахаюцца. І прэзідэнт Эрдаган, вярнуўшыся з Сочы, заявіў аб увядзенні некалькімі турэцкімі банкамі расійскай плацежнай сістэмы „Мір”. А «добрыя туркі», тыя, у якіх не стаіць знак роўнасці з уладай, разумеюць, што ўкраінцы і рускія – не адзін народ. Як сказалі нашыя з мамай сябры: наш горад для людзей, а не для нелюдзей, але мы нічога не можам змяніць. І я ім веру. У адрозненне ад расейцаў, якія нават і не спрабуюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ