14-гадовае пакаранне за намер змяніць краіну да лепшага



Два гады таму Віктар Бабарыка апублікаваў у сваім акаўнце ў ФБ паведамленне, якое змяніла траекторыю гісторыі Беларусі. Экс-банкір і мецэнат заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі.

“Я не наіўны чалавек і выдатна разумею тыя межавыя ўмовы і правілы гульні, якія сфармаваны на гэтым полі ў Беларусі, а самае галоўнае — фінальную частку гэтай “дзеі”, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: няважна, як галасуюць, важна, як лічым. Аднак, ведаючы ўсё гэта, я веру ў абмежаванасць любой неэфектыўнай сістэмы, — напісаў Віктар Бабарыка ў сваім акаўнце на Фэйсбуку. І дадаў: “Я вельмі баюся, што гэта апошні шанец хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі. І я палічыў для сябе недапушчальным і сараматным шкадаваць пра тое, што не паспрабаваў нешта змяніць, апраўдваючы сябе тым, што змяніць нельга нічога.”

Віктар Бабарыка і да таго быў вядомы сваім мецэнацтвам і дэмакратычнымі поглядамі. Дзякуючы Віктару Бабарыку ў беларускіх музеях ладзіліся выставы сусветна вядомых мастакоў-нараджэнцаў Беларусі. Ён жа спрычыніўся да выдання поўнага збору твораў нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч на беларускай мове, кнігі потым прапанавалі абласным і раённым бібліятэкам. Напярэдадні заявы пра вылучэнне ў прэзідэнты Віктар Бабарыка даў некалькі змястоўных і вельмі рэзкіх інтэрв’ю, у якіх жорстка крытыкаваў эканамічны і палітычны курс цяперашніх уладаў.

Вылучэнне Віктара Бабарыкі ў прэзідэнты ў 2020 годзе стала вялікай нечаканасцю не толькі для палітызаванай публікі, але і для ўлады, якая праспала з’яўленне асноўнага канкурэнта, паколькі ўсе высілкі кінула на змаганне з традыцыйнай апазіцыяй. Больш за два дзесяцігоддзі ў нашай палітыцы дамінавала негалоснае правіла пра тое, што вялікаму бізнесу трэба як мага далей дыстанцыявацца ад змагання за ўладу. Перад вачыма беларусаў былі дзясяткі прыкладаў, калі паспяховыя бізнесоўцы 1990-х і 2000-х гадоў, абвясціўшы пра свае палітычныя амбіцыі, пазбаўляліся не толькі сваёй маёмасці, але і свабоды. І вось з асяроддзя, якое, здавалася, было зачышчанае дазвання, раптам выйшаў чалавек, які натхніў сваім прыкладам дзелавыя колы сталіцы. А далей, па інэрцыі, харызмай бізнесоўца захапіліся ў рэгіёнах. Нягледзячы на звышнеспрыяльныя ўмовы збору подпісаў (дэфіцыт часу, пандэмію каронавіруса і рэпрэсіі), каманда прыхільнікаў Віктара Бабарыкі паказала неверагодны вынік. За лічаныя дні да яго групы падтрымкі далучыліся каля 9 тысяч чалавек, якія сабралі рэкордныя амаль 400 тысяч подпісаў. Рэжым парушыў свае ж правілы гульні, не зарэгістраваўшы Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. Былы старшыня КДК Іван Церцель да суда абвясціў апанента кіраўніка дзяржавы злачынцам, пасля чаго выбарчая кампанія Віктара Бабарыкі завяршылася. Аднак пачалася палітычная кар’ера былога банкіра, які аказаўся моцным супернікам. Нягледзячы на выпрабаванні, якія выпалі на ягоную долю, ён прадэманстраваў характар байца і добрыя аналітычныя здольнасці.

Знаходзячыся ў зняволенні ў вельмі жорсткіх умовах, Віктар Бабарыка не страчвае аптымізму. У сваіх лістах на волю ён працягвае дэманстраваць упэўненасць у перамозе і выказваецца на вострыя пытанні часу. Гэты чалавек справай і словам даводзіць сваё права на лідарства. Відавочна, у момант паслаблення ўлады ён стане прэтэндэнтам нумар адзін на прэзідэнцтва, паколькі ягоны прафесійны бэкграўнд, адказнасць лідара і кампетэнцыі робяць яго самым чаканым кандыдатам у прэзідэнты. Як пісаў нехта з аналітыкаў пасля абвяшчэння прысуду Віктару Бабарыку: “Не ведаю, хто часова заменіць Лукашэнку, але наступным прэзідэнтам будзе Бабарыка”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ