Пра эстэтыку беляшоў і пластмасы
2017-ы багаты на юбілейныя даты. З найбольш важнага варта згадаць 915 гадоў з нараджэння Еўфрасінні Полацкай, 135 гадоў ад нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950 гадоў Менску. Іншыя гарады Беларусі таксама адзначаюць юбілеі. Барысаву, напрыклад, 915. А вось Гомелю 875 ад моманту першай згадкі ў Іпацьеўскім летапісе.
Праглядзеў я афішу мерапрыемстваў з нагоды 875-годдзя Гомеля. Мякка кажучы, не натхніўся. Добра, што няма падзеяў, звязаных з імперскім мінулым горада. Сёлета, на шчасце, да нас царыцы-імператрыцы з лакеямі і юнкерамі не прыязджаюць. Але і ўласна беларускай гісторыі практычна няма. Замест перыядаў ВкЛ і РП – „легенды старога лодачніка”. Спадзяюся, не пра Харона гаворка.
Такое адчуванне, калі глядзіш на афішу свята, што за 875 гадоў гісторыі горада нічога не адбывалася. Быццам не было перыяда, калі слаўны князь Альгерд далучыў Гомель да ВкЛ. Не было шатландскага капітана Мантгомеры, які дапамагаў гамельчукам бараніць горад ад казакоў Івана Залатарэнкі. Не было нашчадкаў ініцыятара аднаго з найбольш баяздольных ваенных аддзелаў Рэчы Паспалітай Аляксандра Лісоўскага. Гэты шляхціч спрычыніўся да стварэння так званага фармавання лісоўчыкаў, якое выклікала жах у ворагаў ягонай дзяржавы. У цэнтры Гомеля дагэтуль стаіць так званы Паляўнічы домік, які належыў у свой час роду Лісоўскіх. А яшчэ ў нас не было выбітнога этнографа Аўдакіма Раманава, знакамітага архітэктара Станіслава Шабунеўскага і міністаркі сацыяльнай апекі Палуты Бадуновай. Усіх гэтых асобаў для арганізатараў свята няма. Замест гэтага – прафсаюзныя інсталяцыі і добраахвотнае экспрэс-тэставанне на ВІЧ! Для Дня горада гэта самая неабходная справа. Пасля шапікаў з шашлыкамі.
А ў бібліятэцы імя Герцэна – феерычная вечарына „Магія альбо навука, бібліяноч у стылі Хогвартс”. Відаць, паводле матываў твораў вядомай гомельскай пісьменніцы Джоан Роўлінг. Не Дзень горада, а свята для аматараў беляшоў і эстэтыкі пластмасы.