40-годдзе антыкаланіяльнай тыраніі



У інтэрнэце ў свабодным доступе мноства фотаздымкаў Ірана, датаваных 1970-мі гадамі. На гэтых выявах – эмансіпаваныя дзяўчаты ў кароткіх спадніцах, якія нібыта трапілі ў рэальнасць з французскіх кінафільмаў той эпохі. На асобных здымках – кадры з пікнікоў альбо адпачынак кабет у бікіні на курортах Каспійскага мора. Праглядаючы тыя фотаздымкі, нават немагчыма ўявіць, што праз параўнальна кароткі перыяд кабету-міністра адукацыі Ірана пакараюць смерцю за адмову насіць хіджаб.

Як так сталася, што на змену свецкаму рэжыму празаходняга манарха прыйшла тыповая ўсходняя тыранія? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у гісторыі Ірана ХХ стагоддзя. Многія іранскія інтэлектуалы лічаць прычынай усталявання жорсткага тэакратычнага рэжыму каланіяльную залежнасць багатай на карысныя выкапні дзяржавы ад Захаду. Адлік рэвалюцыйных працэсаў у Іране пачынаецца ў 1953 годзе, калі папулярны ў народзе прэм’ер-міністр Махамед Масадык паспрабаваў нацыяналізаваць англа-персідскую нафтавую кампанію, якая за бесцань набывала сыравіну ў Іране і рэалізоўвала нафтапрадукты на сусветных рынках. Такая ініцыятыва не спадабалася брытанскім бенефіцыярам кампаніі, якія арганізавалі пераварот у краіне, адсунуўшы Махамеда Масадыка ад пасады. Уся паўната ўлады засяродзілася ў руках манарха Махамеда Пехлаві, які больш бавіў часу на швейцарскіх курортах, чым займаўся праблемамі Ірана. Рабаванне нетраў гэтай дзяржавы працягвалася, народ усё больш раздражняўся дзеяннямі ўлады, якая не рашалася на карэнныя рэформы ў гаспадарцы, займаючыся падтрыманнем прыгожага фасаду празаходняй дзяржавы. Чым больш іранцы ўздымалі пратэсты, тым больш лютавала галоўная спецслужба шаха САВАК. У вязніцах гэтай карніцкай структуры былі закатаваныя дзясяткі тысяч чалавек, якія крытыкавалі ўладу за галечу народа, раскраданне рэсурсаў і адмову ад ісламу і нацыянальных традыцый.

У той час, калі заходняя прэса з захапленнем нахвальвала шаха і ягоных жонак за пачуццё стылю ў адзенні, у самім Іране пачаў узмацняцца рух кансерватыўных ісламістаў. Іх лідары, адвучыўшыся ў лепшых еўрапейскіх універсітэтах, на радзіме сталі амаль поп-зоркамі. Аўдыёзапісы Алі Хаменеі – будучага аяталы – распаўсюджваліся сярод іранскай публікі на касетах. Знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі ў Францыі, будучы правадыр рэвалюцыі сустракаўся з амерыканскімі і еўрапейскімі палітыкамі, даваў інтэрв’ю СМІ. З ягоных выказванняў вынікала, што рэвалюцыянеры не прапагандуюць антыамерыканізм, выступаюць супраць прасавецкай арыентацыі ў знешняй палітыцы.

Рэвалюцыя ў Іране здарылася імкліва. Калі ў канцы 1978 года супраць шаха выступалі ісламісты ў правінцыі і студэнты ў Тэгеране, то ў пачатку 1979 года пратэсты ахапілі ўсю краіну. Шматгадовы выгнанец Алі Хаменеі трыумфальна вярнуўся на радзіму, абвясціўшы пачатак ісламскай рэвалюцыі. Асноўнымі тэзісамі ягоных выступаў сталі якраз выкрыццё сусветнай закулісы (сіянісцкай змовы і падступных англасаксаў). Пасля прыходу да ўлады ісламістаў рэпрэсіі супраць іншадумцаў сталі такімі маштабнымі, што на іх фоне адпачываў увесь рэпрэсіўны апарат шаха Пехлаві. А Іран на доўгія дзесяцігоддзі апынуўся пад уладаў цемрашалаў і агрэсіўных фанатыкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ