Пра непераканаўчае расследаванне



Украінскія ўлады ў асобах міністра ўнутраных справаў Арсена Авакава і прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага рапартуюць пра тое, што гучная справа забойства журналіста Паўла Шарамета амаль раскрытая. Да папярэдніх затрыманых – ветэранаў АТО Уладзіслава і Іны Грышчанкаў – дадаліся яшчэ трое фігурантаў. Як паведамляюць украінскія следчыя, яны выйшлі на след групы пасля таго, як на судовыя пасяджэнні над сужэнцамі Грышчанкамі сталі прыходзіць падазроныя асобы з ліку сябраў затрыманых. Як паведамляецца, падазраюцца на гэты момант таксама медсястра аднаго з парашутна-дэсантных батальёнаў Яна Дугар, дзіцячы лекар Юлія Кузьменка і рок-музыка, аўтар некалькіх гімнаў байцоў АТО, Андрэй Антоненка.

Прэс-канферэнцыя Арсена Авакава, на якой ён агучыў падрабязнасці справы, выклікала дыяметральна супрацьлеглыя эфекты ў беларускім і ўкраінскім грамадствах. Вельмі цікава было назіраць за рэакцыяй беларусаў, якія, не надта разумеючы ўкраінскі палітычны кантэкст, выказвалі захапленне эфектыўнасцю працы Уладзіміра Зяленскага. Такое адчуванне, што прэзідэнт краіны ўласнай персонай займаўся расследаваннем забойства Паўла Шарамета. З іншага боку, украінскі сегмент фэйсбука, дакладней, патрыятычная яго частка, выказала адразу сумнеў у аб’ектыўнасці расследавання.

І сапраўды, на гэты момант заявы следчых выглядаюць сама меней непераканаўчымі, калі не сказаць больш. Паводле Арсена Авакава, асноўным матывам палітычнага забойства сталася дэстабілізацыя сітуацыі ў краіне, а адзін з фігурантаў, музыка Андрэй Антоненка, нібыта “звіхнуўся” на глебе веры ў тэорыю перавагі арыйскай расы над усімі астатнімі. А калі дадаць да таго, што ён быў вядомым вайсковым валанцёрам, то пазлы нібыта складваюцца: звар’яцелы на дэструктыўнай ідэалогіі мілітарыст, які імкнецца любымі сродкамі расхістаць сітуацыю. Аднак пры дэталёвым разглядзе паўстае мноства пытанняў. Як заўважаюць украінскія валанцёры, калегі затрыманых, нельга ўявіць больш непрыдатную для падобнага злачынства групоўку людзей, куды ўваходзіць загадчыца аднаго з аддзелаў навукова-практычнага цэнтра дзіцячай кардыялогіі, рок-музыка, сужэнская пара ветэранаў АТО і медсястра. Ды і матыў – дэстабілізацыя сітуацыі – выглядае неяк дзіўнавата з пункту гледжання таго, што Павел Шарамет сапраўды быў вельмі аўтарытэтным і паспяховым журналістам, але, здаецца, пасля яго забойства “дэстабілізацыя” сітуацыі адбылася больш на яго радзіме, у Беларусі, дзе яго памятаюць і шануюць куды больш людзей.

Як піша ў сваім акаўнце на фэйсбуку вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна, беларус Павел Шарамет менш за ўсё падыходзіць на ролю сакральнай ахвяры. Дадамо таксама, што Павел сапраўды шмат рабіў у плане праўдзівага асвятлення падзей ва Украіне падчас Майдану і пачатку вайны на Усходзе Украіны. Ён займаў выразна праукраінскую пазіцыю, кантактаваў са многімі ўдзельнікамі баявых дзеянняў, што таксама робіць малаверагоднай версію забойства з помсты ветэранамі і валанцёрамі АТО. З базавага прынцыпу Рымскага права вынікае, што пры расследаванні злачынстваў заўжды трэба шукаць таго, каму гэта выгадна. У гэты момант група затрыманых, пры ўсёй павазе да ўкраінскіх следчых, не выглядае зацікаўленай у забойстве беларускага журналіста. Хіба што ў бліжэйшы час у інфармацыйнай прасторы з’явяцца дадатковыя дадзеныя, якія насамрэч пераканаюць людзей з крытычным розумам у аб’ектыўнасці следства.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ