Аб замежных агентах



Шэраг СМІ апублікавалі навіну пра тое, што так званыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў звярнуліся да сваіх расейскіх калегаў з просьбай падзяліцца напрацоўкамі Закона “Аб замежных агентах”. Звяртае на сябе ўвагу асоба чалавека, ад імя якога падрыхтаваны зварот. Гаворка ідзе пра кіраўніка Камісіі па міжнародных справах Нацыянальнага сходу Андрэя Савіных — выхадца з органаў МЗС, прэс-сакратара гэтага ведамства ў мінулым. То бок, ініцыятыва сыходзіць ад міністэрства, якое займаецца міжнароднымі справамі і ад якога залежыць наўпрост сітуацыя са свабодай слова ў краіне. Паколькі ўнутры Беларусі інфармацыйнае поле практычна зачышчанае, калі ўлічыць сітуацыю з блакаваннем і пазбаўленнем рэгістрацыі вядучых інтэрнэт-выданняў, то ўлада вырашыла нанесці ўдар па апошнім бастыёне вольнага слова — па СМІ, якія працуюць для Беларусі з тэрыторыі іншых краінаў. Зварот “дэпутатаў” да расейскіх дзярждумаўцаў — гэта фактычна рэалізацыя стратэгіі міністра Уладзіміра Макея, які абяцаў некалькі месяцаў таму “адыграцца” на СМІ ў Беларусі, калі замежныя дзяржавы будуць пашыраць пакет санкцый. Такім чынам, рукамі дэпутата Савіных у Беларусі рыхтуюцца новаўвядзенні ў заканадаўстве, якія яшчэ больш ускладняць працу як прадэмакратычных недзяржаўных арганізацый, так і СМІ.

Запазычанне расейскага досведу для пераследу іншадумцаў паказвае, што ўсе размовы пра дыялог і пошукі нацыянальнай згоды — гэта рыторыка для наіўных. У рэальнасці, калі ўлада ўтрымаецца, беларусаў-апанентаў рэжыма чакаюць вельмі няпростыя часіны. Закон “Аб замежных агентах” — дзецішча расейскага ФСБ, ідэалогія якога — у цкаванні тых грамадзянаў, якія выступаюць за цывілізаваны шлях развіцця, дэмакратыю і правы чалавека. З моманту ўхвалення гэтага закону ў РФ істотна пагоршылася прававое становішча многіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, СМІ і грамадзянаў, якія нібыта атрымліваюць фінансаванне з замежных фондаў. Імкненне расейскіх уладаў патлумачыць прыняцце гэтага закону спробай дабіцца празрыстасці фінансавання актараў грамадзянскай супольнасці разбіваецца аб тое, што нават існуючыя раней нарматыўныя акты і без таго забяспечвалі дзяржаве шырокі інструментарый кантроля. Такім чынам, наяўнасць закону, які абавязвае журналістаў рэгістравацца ў дзяржорганах з таўром “замежны агент” і прадпісвае ўзгадванне прыналежнасці да “замежных агентаў” на старонках СМІ, закліканае дыскрэдытаваць структуры незалежнага грамадства і СМІ ў вачах беларусаў. Справа ў тым, што, у адрозненне ад заходняй рэчаіснасці, на тэрыторыі постсавецкіх краін, якія перажылі траўматычны таталітарны вопыт, слова “агент” наўпрост асацыюецца з паняццем “здраднік-шпіён”. Адпаведна, улада выкарыстоўвае гэты інструментар для далейшага змагання з людзьмі, аўтарытэт якіх на дадзены момант вышэйшы, чым у прадстаўнікоў афіцыйных эліт.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ