Адна з самых масавых акцый пратэсту ў Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе



Як цяпер памятаю свой настрой у вечар 19 снежня 2010 года. Тады мы з групай сяброў абмяркоўвалі недарэчную эйфарыю, якая ахапіла частку беларускага грамадства на фоне імітацыйнай лібералізацыі і “разгула дэмакратыі” на дзяржаўным тэлебачанні. Апазіцыйныя кандыдаты ў тую выбарчую кампанію выразы на адрас кіраўніка дзяржавы асабліва не выбіралі. Выступы Міколы Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава альбо Віталя Рымашэўскага глядзеліся на адным дыханні, няйначай як папулярнае амерыканскае тэлешоу. Сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі былі масавымі. Складавалася ўражанне, што беларускае грамадства, якое стамілася ад дзесяцігоддзяў аўтарытарызму, нарэшце пачало вызваляцца, выходзіць са спячкі. І гэта не магло не нерваваць улады. Іх стрыманасць і адсутнасць рэакцыі падказвала, што неўзабаве здарыцца выбух. І гэта адбылося. Спачатку ля офіса Уладзіміра Някляева, у дзень асноўнага галасавання, быў здзейснены напад на калону дэманстрантаў, якія спрабавалі даставіць на плошчу гукаўзмацняльную апаратуру. Пазней здарылася тое, што мусіла. Міліцыянты з азвярэлымі тварамі збівалі маладзёнаў, пенсіянераў і жанчын ля будынка Дому ўраду. Разгон плошчы адбыўся за некалькі хвілін. Іншага сцэнара, зрэшты, і не магло быць. Бо грамадзяне і не збіраліся аказваць супраціў міліцыянтам. Яны ішлі на акцыю з прыўзнятым настроем, нібыта на нейкі карнавал. Многія публіцысты назвалі плошчу 2010 года святам непаслушэнства.

Не хочацца цяпер займацца бессэнсоўным аналізам, хто стаяў за брутальным разгонам плошчы. Не мае асаблівага значэння і абмеркаванне паводзін кандыдатаў – многія з іх адпакутвалі свае рашэнні ў камерах СІЗА КДБ і ў беларускіх турмах. А вось што да канца так і не адрэфлексавалі, дык гэта млявую рэакцыю беларускага грамадства на беспадстаўны разгон, арышт сотняў нявінных людзей, дзясяткі крымінальных справаў і ператрусаў. Рукі ў сілавікоў былі развязаныя менавіта праз адсутнасць салідарнасці шырокага кола грамадства, якое назірала за развіццём падзей здалечыні і са страхам. Многія нават прыстойныя людзі, якія зразумелі, куды вецер дзьме, раптам перасталі выяўляць падтрымку рэпрэсаваным. Памятаю, як на ганку Дома правасуддзя ў Менску, дзе некалькі дзён не спыняўся судовы канвеер, выпадкова сустрэў свайго школьнага настаўніка па гісторыі. У гады майго юнацтва гэта быў беларускамоўны выпускнік гістфака з прагрэсіўнымі поглядамі. На ўроках мы з ім абмяркоўвалі Слуцкі збройны чын і абвяшчэнне БНР. Убачыўшыся на прыступках суда, мы ўзрадаваліся, пачалі абмяркоўваць нейкія ўспаміны. Я спярша нават не звярнуў увагу на характэрнае чорнае паліто свайго настаўніка і цяжкую скураную сумку. Але дыялог наш хутка спыніўся, калі я раптам спытаў, ці не працуе мой знаёмец у судзе. Аказалася, што той чалавек змяніў кар’еру настаўніка на партфель суддзі. Убачыўшы маю рэакцыю, ён хутка ўцёк. Не ведаю, кім працуе гэты чалавек цяпер. Аднак у наступны раз я яму дакладна руку не працягну, хоць перакананы, што пасля пераменаў ён зноў узгадае пра Слуцкі збройны чын, беларускую мову і дэмакратыю. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ