Агульнасць адмоваў



Слонімскія ўлады адмовіліся дэкамунізаваць назву цэнтральнай плошчы горада. У адказе на калектыўны зварот гараджанаў, якія дабіваліся перайменавання плошчы імя Уладзіміра Леніна ў Тэатральную, прыйшлі стандартныя адпіскі. З лістоў вынікае, што на пасяджэнні тапанімічнай камісіі зварот грамадзян разглядзелі, але па сукупнасці фактараў ініцыятыву палічылі немэтазгоднай. Па-першае, чыноўнікі спаслаліся на вынікі апытанкі на сайце раёнкі, якая цягам усяго перыяду галасавання дэманстравала ўпэўненую перамогу прыхільнікаў дэкамунізацыі (каля 70%), але нейкім цудам у апошнія дні лічбы ў апытанцы памяняліся. Па-другое, нібыта 100% уласнікаў і кіраўнікоў арганізацый, размешчаных на плошчы Леніна ў Слоніме, выступаюць супраць змены назвы. На першы погляд, такая пазіцыя чыноўнікаў райвыканкама і мясцовага савета дэпутатаў можа патлумачыцца іх адданасцю савецкаму мінуламу і камуністычнай ідэалогіі. Але штосьці падказвае, што іх упартасць – гэта ўсяго толькі даніна часу. Ці, калі больш дакладна, спроба трымаць нос па ветру. А беларускіх чыноўнікаў можна папракнуць шмат у чым, але толькі не ў адсутнасці “нюха”.

Тым больш, яшчэ зусім нядаўна, у канцы лютага 2019 года Аляксандр Лукашэнка, выказваючыся на тэму незалежнасці перад выкладчыкамі і слухачамі Ваеннай акадэміі, заклікаў беларусаў больш працаваць, каб не адстаць ад суседніх дзяржаваў: “… яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў “парубкамі” ў якім-небудзь Вялікім княстве Літоўскім ці Рэчы Паспалітай”. У гэтым моўным пасажы ўтрымліваюцца цікавыя дэталі. Слова “парубак” – украінскага паходжання. То бок чалавек, выкарыстаўшы гэтае слова, якое мае пэўную канатацыю і звязаную з ім светапоглядную сістэму, у аснове якой ляжыць нянавісць да ўмоўнага пана, выступае супраць культурнай спадчыны ВкЛ як протабеларускай дзяржавы. І вось гэты пасыл чыноўнікі на месцы не маглі не злавіць.

У сітуацыі са Слонімам неабыякавыя жыхары горада якраз акцэнтавалі ўвагу ўладаў на недарэчнасці суседства плошчы, названай у гонар аднаго з найбольш маштабных злачынцаў ХХ ст. Уладзіміра Леніна, з помнікам канцлеру ВкЛ Льву Сапегу. Адпаведна, нежаданне пераймяноўваць плошчу – імкненне мясцовых вертыкальшчыкаў дагадзіць першай асобе дзяржавы. Нешта падказвае, што ім насамрэч па барабане, якіх дзеячаў гісторыі ўшаноўваць. Для іх што Васіль Чапаеў, што Станіслаў Булак-Балаховіч – аднолькава незразумелыя і далёкія персанажы. Каб ім выбіраць, то на галоўнай плошчы Слоніма хутчэй бы з’явіўся помнік Верцы Сярдзючцы ці Стасу Міхайлаву.

Увогуле, калі супаставіць разам некалькі кейсаў, звязаных з палітыкай памяці ў Беларусі, то вымалёўваецца відавочная тэндэнцыя. Забарона на ўсталяванне шыльды ў гонар БНР у Менску, адмова ва ўшанаванні рэпрэсаваных гомельцаў Палуты Бадуновай і Станіслава Шабунеўскага і імкненне захаваць любой цаной памяць пра камуністычных балванаў – усё гэта не столькі ад нянавісці да Беларушчыны, колькі ад жадання банальнага самасцвярджэння. Сістэма ўлады ў Беларусі такая, што не церпіць ніякай самадзейнасці ад альтэрнатыўных крыніц сілы. Асабліва тое праяўляецца ў крытычныя перыяды барацьбы за ўладу, то бок электаральныя цыклы. Кіраўніцтва краіны любымі спосабамі імкнецца паказаць грамадству, хто ў хаце гаспадар.

Дарэчы, сітуацыя вакол Нацыянальнага некропаля Курапаты – гэта таксама, у пэўным сэнсе, самасцвярджэнне ўладаў, якія з гатоўнасцю ідуць на канфрантацыю з грамадствам, каб прадэманстраваць сваё дамінаванне. Гэта значыць, спарадзіць адчай і дэпрэсію ў той часткі грамадства, якая прагне і ўсё робіць дзеля дэмакратычных пераменаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ