Ахвяра альбо суагрэсар?
Адразу некалькі цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі намагаюцца давесці заходнім партнёрам і афіцыйнаму Кіеву тэзу пра “акупацыю” Беларусі. Аргументацыйная база лідараў апазіцыі простая: з 24 лютага, калі тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная РФ у якасці плацдарму для нападу на Украіну, гаварыць пра суверэнітэт Беларусі не выпадае. Больш за тое, цягам некалькіх месяцаў на тэрыторыі краіны стала знаходзяцца досыць буйныя вайсковыя злучэнні РФ, што як бы дэманструе несамастойнасць афіцыйнага Менску. На гэтым фоне ў экспертных колах распачаліся дыскусіі адносна таго, як акрэсліць актуальны статус Беларусі. Гэта вельмі важна як з пункту гледжання выбудоўвання стратэгіі ўзаемадзеяння з нашай краінай, так і для будучыні Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Аналітык беларускага паходжання з Украіны Ігар Тышкевіч у адным з інтэрв’ю скептычна паставіўся да азначэння “акупацыя Беларусі”. Ацэньваючы актуальны статус краіны, ён зазначае, што для вызначэння сітуацыі дастаткова звярнуцца да адпаведных канвенцый ААН, якія дакладна тлумачаць, што такое агрэсія. У нашым выпадку гаворка ідзе сама меней пра прадастаўленне тэрыторый. Таму з фармальнага гледзішча, як зазначае эксперт, беларуская дзяржава падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Адпаведна, заява пра “акупацыю”, калі адштурхоўвацца ад пазіцыі Ігара Тышкевіча, мае выключна палітычнае значэнне, якое, праўда, выгаднае адначасова і ўладзе, і апазіцыі. Калі першыя ў выпадку паразы РФ могуць знайсці сабе апраўданне ў духу “а што мы маглі зрабіць, бо былі акупаваныя”, то з другіх такі падыход проста здымае адказнасць. Такім чынам, раіць аглядальнік, злоўжываць тэрмінам акупацыя не варта, калі няма нейкіх канкрэтных дзеянняў.
Трошкі іншы акцэнт адносна сітуацыі з “акупацыяй Беларусі” ставіць расейскі блогер-палітэмігрант, які да нядаўняга быў вельмі папулярны ў Беларусі. Максім Кац у 2020 годзе быў адным з натхняльнікаў мірнай беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі, стрымы якога глядзелі сотні тысяч беларусаў. У 2022 ён, выступаючы перад аўдыторыяй у Варшаве, назваў памкненне беларускай апазіцыі называць сітуацыю ў краіне акупацыяй “зручнай пазіцыяй” і спробай “сыходу ад рэальнасці”. Маўляў, “называць гэтую справу акупацыяй — гэта такая зручная пазіцыя: кшталту мы, як украінцы, нас акупавалі, мы ахвяры”. Развіваючы сваю думку, расейскі блогер зазначыў, што ў далейшым Беларусь павінна прызнаць адказнасць за тое, што адбылося.
Калі з аргументацыяй Ігара Тышкевіча цяжка спрачацца, то пазіцыя Максіма Каца выклікае шэраг пытанняў. Справа ў тым, што, у адрозненне ад расейскага народу, беларусы пры любым раскладзе не маюць ніякай выгады ад вайны ва Украіне. Больш за тое, як бы скептычна ні ставіліся аналітыкі да розных сацыялагічных даследаванняў у Беларусі, усё адно антываенныя настроі ў беларускім грамадстве яўна дамінуюць, а ваяўнічая рыторыка кіраўніцтва краіны рэзка кантрастуе з рэальнай сітуацыяй. У гэтым сэнсе імкненне пасадзіць беларусаў з расейцамі ў адну лодку не выглядае пераканаўчым.