Апатыя, скепсіс і праймерыз



У Беларусі разгортваецца палітычная кампанія некалькіх апазіцыйных суб’ектаў пад умоўнай назвай “праймерыз”. Пакуль што гэты фармат вызначэння адзінага апазіцыйнага прэтэндэнта выклікае цікавасць нешматлікіх палітычных блогераў і некалькіх незалежных СМІ. Удзельнічаюць у працэсе вызначэння прэтэндэнта ў асноўным ангажаваныя ў апазіцыйныя структуры грамадзяне і іх сваякі. Астатняе грамадства збольшага праймерыз быццам бы не заўважае. І гэтая акалічнасць стала асноўнай падставай для шматлікіх кпінаў у Інтэрнэце з боку палітычна актыўнай публікі.

Асабліва дасталася арганізатарам праймерыз за першае галасаванне ў маленькім населеным пункце Віцебшчыны Гарадку. На мерапрыемства, паводле паведамленняў журналістаў, прыйшло 11 чалавек, з іх трое – прадстаўнікі мясцовай улады. Астатнія 8 асобаў – мясцовыя дэмакратычныя актывісты. У першым галасаванні перамог старшыня Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч. Карыстаючыся дадзенымі лічбамі, крытыкі прайшліся катком па праймерыз, заяўляючы пра абсалютную правальнасць стратэгіі і адсутнасць цікавасці да гэтага фармату з боку шырокай аўдыторыі. Разам з тым, калі падыходзіць да сітуацыі аб’ектыўна, то нават сціплы вынік у 8 чалавек на праймерыз у 12-цітысячным Гарадку – гэта штосьці каля 0,06% жыхароў дадзенага населенага пункта. Гэта як бы ў Менску на аналагічную сустрэчу прыйшло каля 1200 месцічаў, што цалкам цягне на масавы мітынг. А тое, што на праймерыз былі грамадскія актывісты, то гэта цалкам прагназавана. У свабодных і дэмакратычных ЗША на праймерыз таксама ходзяць матываваныя і палітычна свядомыя грамадзяне, што ўжо тут казаць пра аўтарытарную Беларусь. 8 чалавек у Гарадку – гэта як масавая маніфестацыя ў Менску, бо сустрэча мае выразную палітычную афарбоўку і да яе прагназавана падвышаная цікавасць з боку сілавых структураў і ўладнай вертыкалі.

Перамога Юрыя Губарэвіча на першым галасаванні ў Гарадку стала хутчэй вынікам папярэдняй арганізацыйнай працы ягоных прыхільнікаў, чым дасягненнем прамоўцы ў канкрэтным выпадку. У далейшым фаварытам праймерыз упэўнена становіцца сустаршыня БХД Павел Севярынец. Ягоны поспех на галасаваннях у Віцебску, Наваплацку і іншых гарадах абумоўлены іміджам сумленнага і смелага палітыка. У гэты момант недахоп грунтоўнай эканамічнай праграмы ў Паўла Севярынца і неабачлівыя выказванні на адрас меншасцяў кампенсуюцца рэпутацыяй чалавека, які гатовы ахвяраваць уласнымі інтарэсамі дзеля краіны. Апроч гэтага, Павел Севярынец без лішняй хітрасці прапаноўвае стратэгію масавых пратэстаў яшчэ да абвяшчэння афіцыйных вынікаў выбараў. Ён  лічыць, што беларусам трэба пачынаць пратэставаць не тады, калі з’явяцца лічбы галасавання, а адразу пасля неўключэння ў склады выбаркамаў прадстаўнікоў апазіцыі і далейшага кіравання ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Нездарма Павел Севярынец становіцца асноўным аб’ектам крытыкі з боку дзяржаўнай прэсы. Гэта азначае, што, нягледзячы на ўсеагульны скепсіс і апатыю, пэўны інфармацыйны эфект праймерыз мае. Самы негатыўны прагноз ад гэтага фармату – тое, што ў выніку праймерыз вызначыцца ўсяго толькі фігура лідара апазіцыйных сілаў, а не той часткі беларускага народу, якая прагне пераменаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ