Апошняе злачынства далічбавай эпохі



Беларусы – самая чытаючая нацыя. У нас нават злодзеі інтэлігентныя. У жыхаркі Менска, як паведамляе адзін з міліцэйскіх сайтаў, скралі 30 тамоў энцыклапедыі. І зрабіла гэта суседка, якая папрасіла пазваніць са стацыянарнага тэлефона.

Міліцыянты рэканструявалі храналогію гэтага злачынства стагоддзя. Пасля званка няўдзячная госця, пакідаючы хату знаёмай, не зачыніла дзверы тамбура. А пазней разам са сваім мужам вынеслі 30 тамоў энцыклапедыі агульнай сумай на 320 рублёў. Пра якую энцыклапедыю вядзецца гаворка, на жаль, не паведамляецца. Потым, як выявіла следства, пара злачынцаў паспрабавала прадаць здабытак на адным з рынкаў сталіцы, але былі затрыманыя міліцыянтамі.

У гэтай навіне ўсё прыўкрасна. І тое, што двое дарослых людзей могуць сесці ў турму за 320 рублёў на тры гады. І тое, што яны абралі аб’ектам крадзяжу менавіта кнігі. Зрэшты, гэтае здарэнне прэтэндуе на статус апошняга злачынства далічбавай эпохі. Праз якіх 10 гадоў новае пакаленне беларусаў проста не зразумее сэнсу гісторыі. Стацыянарны тэлефон – гэта такі ж перажытак, як і радыёкропка для цяперашніх маладзёнаў. А папяровыя носьбіты інфармацыі, асабліва важкія энцыклапедыі, – гэта таксама прывітанне з мінулага. Усе 30 асобнікаў выдання лёгка змесцяцца ў лічбавым фармаце на самым простым смартфоне. Беларус будучыні доўга будзе спрабаваць спасцігнуць сэнс гэтага здарэння, калі патрапіць на архіўныя навіны з далёкага 2018-га года. Ну, а нам, сучаснікам, застаецца толькі задумацца, чаму некаторыя суайчыннікі ідуць на такія ўчынкі ў самай стабільнай і квітнеючай краіне. Відаць, з-за таго, што ім няма чаго пачытаць у вольны час.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ