Пра бачанне беларускіх выбараў суседзямі
Беларускія выбары выклікаюць вялікую цікавасць сусветных медыягігантаў. Не праходзіць ані дня, каб пра аграмадныя чэргі ў падтрымку апазіцыйных кандыдатаў альбо рэпрэсіі не пісалі вядучыя СМІ ЗША, Еўропы і Расеі. Увага знакамітых выданняў абумоўленая натуральным інтарэсам журналістаў да краіны, лёсам якой мала хто цікавіўся раней. Для абывацеляў з іншых дзяржаваў Беларусь была нейкай незразумелай плямінай на палітычнай мапе свету з аморфным насельніцтвам. Аднак увадначассе за беларусамі сталі назіраць. Некаторыя са здзіўленнем, а хтосьці з зайздрасцю.
У маёй сацсетцы Фэйсбука многа прыяцеляў з розных краінаў. Акрамя беларусаў, якія параз’язджаліся куды толькі можна ў пошуках лепшай долі, ёсць таксама палякі, украінцы, расейцы. І вось якраз іх меркаванні пра беларускую выбарчую кампанію часам даводзіцца чытаць, а раз-пораз, калі затэгаюць, адказваць на пытанне “а што ў вас там робіцца?”. Не прэтэндуючы на нейкую аб’ектыўнасць, можна, аднак, нейкія заканамерныя рэакцыі ўбачыць у прадстаўнікоў трох прыпамежных з Беларуссю краін. Усе яны абумоўленыя, відавочна, палітычнымі сітуацыямі ў іх дзяржавах, а таксама асаблівасцю медыйнага асвятлення беларускіх падзей.
Прыяцелі з Расеі з дэмакратычнымі поглядамі захапляюцца мужнасцю беларусаў, якія па ўсёй краіне крэатыўна і ўпарта, крок за крокам, адваёўваюць прастору свабоды. І робяць гэта вельмі сістэмна і арганізавана. І, што самае галоўнае, эфектыўна. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск з боку сілавікоў, беларусы ладзяць маштабныя кампаніі самадапамогі, выстройваюцца ў кіламетровыя чэргі і выходзяць на акцыі салідарнасці. І ўсё гэта знаходзіць гарачую падтрымку ў новай большасці, якая не стамляецца сігналізаваць паўсюль пра сваю нязгоду. Дзякуючы міралюбнасці і ўпартасці беларусаў, адзін з самых жорсткіх у Еўропе палітычных рэжымаў дэманструе сваю неадэкватнасць і слабасць. І расейцаў, якія дзесяцігоддзямі не могуць пахваліцца высокімі рэзультатамі барацьбы з тамтэйшай дыктатурай, гэта, натуральна, здзіўляе. Пра беларусаў з захапленнем выказваюцца спартовыя каментатары з РФ, дэмакратычныя палітыкі і журналісты. На вачах фармуецца міжнародная салідарнасць з адважнымі беларусамі.
Знаёмыя украінцы, у адрозненне ад расейцаў, увесь час заклікаюць беларусаў быць асцярожнымі і не асабліва радуюцца палітычнаму абуджэнню суседзяў. У многіх сфармавана ўяўленне пра беларусаў як пра цалкам бездапаможных людзей, якія не могуць даць рады навесці парадак у сваёй хаце, таму, замест мітынгавання, хай імі пакіруе суворы бацька. Псіхалогію ўкраінскага назіральніка зразумець можна, улічваючы, што Украіна ў апошнія гады сутыкнулася з вайсковай агрэсіяй суседняй дзяржавы, зазнала тэрытарыяльныя стратаў у выніку рэвалюцыі 2014 году. Акрамя гэтага, дагэтуль для ўкраінцаў, нават з дэмакратычнымі поглядамі, застаецца характэрная невытлумачальная любоў да “хітрага і гаспадарлівага бацькі”, які здорава ўмее выкарыстоўваць імперскія комплексы Крамля. А калі дадаць сюды яшчэ добрыя, у параўнанні з украінскімі, дарогі, то любоў іх заканамерная.
Мае сябры палякі шчыра не разумеюць, чаму многія беларусы ў апошнія дні дадалі на свае аватаркі сімвалы ў выглядзе сэрца, які азначае салідарнасць з арыштаваным прэтэндэнтам на прэзідэнцтва Віктарам Бабарыкам. Яны ў курсе пра ягонае банкаўскае мінулае, таму здзіўляюцца, чаму беларусы гатовыя пайсці за фінансістам. “Лепей нязменны старшыня калгасу, чым банкір”, — тыповая рэакцыя палякаў, дзяцінства якіх прыпала на шокавую тэрапію Лешэка Бальцэровіча і ўсталяванне рынка ў наступныя гады. Лёгкая настальгія па былым ПРЛ і непрыманне генеральнай лініі кіруючай партыі экстрапалюецца на беларускую рэчаіснасць, у якой аўтакрат Аляксандр Лукашэнка цалкам сабе прымальная фігура.
У любым разе беларусы здзівілі свет, але толькі не сябе.