Беларуская антыутопія



На сайце незалежнага выдання “Наша Ніва” з’явіўся сімптаматычны артыкул пра “рэтраградаў-беларусаў”, якія супраціўляюцца новым тэхналогіям. У матэрыяле апавядалася пра вядомага беларускага іт-бізнесоўца Віктара Пракапеню, які вырашыў пабыць Санта Клаўсам для дзяцей з адной школы Аршанскага раёна, але штосьці пайшло не так. У артыкуле гаворыцца пра цёмных і адсталых правінцыйных беларусаў, якія не захацелі атрымаць у якасці падарункаў 600 планшэтаў ад аднаго фонда агульнай сумай у 250 тысяч долараў. Усё б нічога, але падарункі тыя былі з цікавым дадаткам. Для таго каб атрымаць планшэт у падарунак, бацькам трэба было падпісаць дамову, паводле якой на дэвайсе была ўсталявана праграма сачэння Nicola. Гэтая праграма ў рэжыме анлайн запісвае ўсе дадзеныя карыстальніка (выраз твару, рухі вачэй і г.д.) і адпраўляе на сервер. Нібыта ў педагагічных мэтах. Маўляў, дзіцёнак зможа гуляць у гульні толькі пасля выканання хатняга задання. Але “цёмным” бацькам такая прапанова не спадабалася. Віктар Пракапеня пакрыўдзіўся. А “Наша Ніва” пра гэтую гісторыю напісала.

Увогуле артыкул на “Нашай Ніве”, у якім распавядалася пра дабрачыннасць іт-бізнесоўца Пракапені, варта прачытаць хаця б дзеля таго, каб зразумець, як адбываецца дыскрэдытацыя самога панятку дабрачыннасць. Некаторыя бізнесоўцы, відаць, лічаць сябе самымі разумнымі, калі пад выглядам каляднага падарунка фактычна праводзяць маштабны эксперымент над дзецьмі ў правінцыйнай школцы. Прачытаўшы цытатку пра тое, як „адмысловая праграма будзе фіксаваць твар дзіцяці на відэа, перасылаць яго на сервер, каб штучны інтэлект прааналізаваў рухі вачэй і зрабіў выснову, чым займаецца дзіця, ці сапраўды яно чытала, або проста глядзела ў экран”, мне стала ніякавата. Электронны канцлагер у дзеянні. Засталося толькі спецыяльныя бранзалеты з радыёмаячком начапіць і карту лаяльнасці грамадзяніна ўвесці, як у адной кітайскай правінцыі з уйгурамі зрабілі.

Але беларускі чытач зусім не дурны. Прывядзем некалькі цытат пад згаданым артыкулам на “Нашай Ніве”, якія пакінулі людзі, прачытаўшы пра спецыфічную дабрачыннасць Віктара Пракапені. Адзін з карыстальнікаў напісаў пра тое, што кампанія, якая будзе збіраць і апрацоўваць біяметрычныя дадзеныя школьнікаў, зарэгістраваная на Кіпры. А ў самой Беларусі няма Закона аб персанальных дадзеных і не ратыфікаваная адпаведная Канвенцыя Савета Еўропы.

Юзер з нікнэймам “Злобны Бурацін” так пракаментаваў матэрыял пра дабрачыннасць Пракапені: “Адна справа рабіць масавы тэст на амерыканцах, дзе любы інцыдэнт з прыватнымі дадзенымі выльецца ў позвы на мільёны долараў, іншая справа – рабіць такі тэст на людзях з гарадскога пасёлка Балбасава, дзе рызыкі на парадкі ніжэйшыя”.

А вось карыстальнік з псеўданімам Аляксандр Comrade заўважыў, што праблема не ў адсутнасці даверу паміж беларусамі, на што наракаў Пракапеня, а ў даверы да дзяржаўных інстытуцый. “Прыходзіць нейкі разумнік з ПВТ-шнай канторкі і прапаноўвае падарыць планшэт тыпу бясплатна, але з умовай падпісання мутнай паперкі. Калі дораць навагоднія падарункі – такія паперкі не падпісваюць. І яшчэ пакрыўдзіўся, якія цёмныя неадукаваныя людцы, не хочуць са сваіх дзяцей рабіць паддоследных пацукоў для тэставання нейкім айцішнікам-багацеем сваіх мутных свістулек”, – заўважае карыстальнік Аляксандр Comrade.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ