Беларускі майдан у 1930-ым
Усё-такі мала мы ведаем пра нашае мінулае. Чым больш часу прайшло ад той ці іншай падзеі, тым меней мы ўяўляем, як насамрэч усё было. Скажам, чаму кароль Ягайла і ягоны стрыечны брат Вітаўт пасля перамогі ў Грунвальдскай бітве не спяшаліся сцерці з зямлі сталіцу Тэўтонскага ордэну Мальбарк? Напэўна, каб цяпер турысты з усяго свету маглі паглядзець на фартэцыю, якая з’яўляецца шэдэўрам абарончай архітэктуры Сярэднявечча. Знішчылі б нашыя продкі гэты аб’ект цалкам у 1410 годзе, не было б чаго аднаўляць у ХХ стагоддзі.
Зрэшты, не толькі пра даўнія падзеі мы маем цьмянае ўяўленне. Ад часоў сталінскіх рэпрэсіяў, пік якіх прыпаў на 1930-ыя гады, прайшло параўнальна мала часу. Тыя, хто нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, нават заспелі відавочцаў і пацярпелых ад злачынстваў. У сем’ях некаторых беларусаў былі рэпрэсаваныя продкі. Праўда, абставінаў мы ведаем мала. І віной гэтаму не толькі нашая кароткая памяць, але і закрытыя архівы.
Пару дзён таму я дазнаўся пра сялянскае паўстанне ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна, якое адбылося ў 1930-ым годзе. Сяляне цярпелі, калі іх раскулачвалі. Яны трымалі кулакі, але не кідаліся на камуністаў, калі іх заганялі ў калгасы. Аднак справа дайшла да кіпення, калі, выконваючы распараджэнне Леніна, камуністы арганізавалі ў царкве зернясховішча. Людзі з навакольных вёсак выкінулі ўсё зерне з храма разам з чыноўнікамі. Каб наноў улады не апаганілі царкву, зладзілі чаргаванне. Вакол храма распалілі вогнішчы і суткамі напралёт абаранялі сваю святыню. Справа скончылася праз пару дзён, калі ў мястэчка прыехаў атрад коннай міліцыі з Петрыкава. У выніку налёту загінуў адзін абаронца царквы па прозвішчы Бамбіза. Што было з астатнімі ўдзельнікамі, здагадацца лёгка. Савецкая ўлада не даравала тым, хто ўздымаў супраць яе руку. Выпадак у мястэчку Ляскавічы паказаў, што ў беларусаў былі зубы і кулакі. Пра тых герояў, на жаль, грамадскасць нічога не ведае. Як не ведае і пра сотні іншых падобных справаў, якія ад нас хаваюць у архівах КДБ. Можа, таму і хаваюць, каб грамадскасць працягвала думаць, што майдан вынайшлі ўкраінцы.