Будучыня беларускага турызма



Беларусь пакрысе пачынае адкрывацца свету. Праз амаль 30 гадоў незалежнасці ўлады дапялі, што адным з перспектыўных напрамкаў напампоўвання бюджэту з’яўляецца турызм. За апошнія некалькі гадоў у Беларусі паслядоўна прымаюцца крокі, якія спрыяюць прыцягненню ўвагі турыстычнага інтэрнацыяналу да нашай краіны. Калі раней у Беларусі ў асноўным адпачывалі грамадзяне Расеі, якія выбіралі нашую краіну ў якасці добрага месца для правядзення майскіх святаў, спыняліся ў аграсядзібах і папраўлялі здароўе ў мясцовых санаторыях, то цяпер становіцца больш заўважным трэнд на наведванне Беларусі турыстамі з краінаў ЕЗ. Гэтаму спрыяе некалькі фактараў, у тым ліку высілкі дзяржавы, якая раптам убачыла карысць ад турыстычнай галіны. Увядзенне частковага “бязвіза” на 30 дзён для жыхароў 70-ці з нечым краінаў, якія прылятаюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Менск, павялічыла паток турыстаў. Эксперымент з бязвізавымі зонамі ў Гародні і Берасці таксама прынёс свой плён – натоўпы польскіх і літоўскіх турыстаў у гэтых горадах, якія пакідаюць грошы ў мясцовых барах і крамах, ужо нікога асабліва не здзіўляюць. Разам з тым, Беларусь яўна не выкарыстоўвае ўвесь свой патэнцыял у турыстычнай галіне, што вядзе да недаатрымання фінансавых сродкаў, а ў будучыні – да магчымай пераарыентацыі турыстычных патокаў на краіны, якія больш аператыўна рэагуюць на попыт.

Нядаўні рэйтынг амерыканскага тэлеканала CNN, які рэкамендуе сталіцу Беларусі Менск у якасці аднаго з найбольш прывабных гарадоў планеты, дзе няма натоўпаў турыстаў, паказвае два аспекты, на якія варта звярнуць увагу. З аднаго боку, вядома, цешыць, што нас ацанілі. З іншага, паказальна тое, што, нягледзячы на высілкі ўладаў, асноўныя турыстычныя трафікі абмінаюць Сінявокую. Гэта і не дзіўна, бо прапанова, якую могуць зрабіць на сёння беларусы, надзвычай сціплая. У той жа публікацыі на сайце CNN аўтары пішуць пра цікавы прыклад рэканструкцыі разбуранага ІІ Сусветнай вайной горада і музеі, звязаныя з гісторыяй ВАв. То бок, складваецца ўражанне, што ў гісторыі Беларусі не адбывалася ніколі нічога акрамя той вайны. А гэтая тэма, відавочна, сама па сабе не можа прыцягваць вялікія патокі турыстаў.

У гэты момант імідж Беларусі як “недэмакратычнай паліцэйскай дзяржавы”, няразвітая турыстычная інфраструктура, недахоп сямейных і прыватных гатэляў і хостэлаў, адсутнасць роварных сцяжынаў, усюдыісныя сляды камуністычнай спадчыны, надзвычайны кантроль з боку праваахоўнікаў з’яўляюцца фактарамі, якія стрымліваюць многіх замежнікаў ад паездак у Беларусь. Пакуль што нашая дзяржава выклікае інтарэс у вузкага кола эксцэнтрыкаў, якія любяць небанальны адпачынак з налётам экстрэмальнасці. Выправіць сітуацыю магчыма толькі з разняволеннем рынкавай ініцыятывы грамадзянаў, а таксама з прыняццем дзяржаўнай праграмы, якая б стымулявала насельніцтва да прадпрымальніцтва ў сферы турызма.

ХХІ стагоддзе – гэта час для аператыўных і небанальных рашэнняў. Пакуль нехта пачынае раскачвацца, іншыя займаюць нішы. Дадзенае сцвярджэнне датычыць і сферы турызма, якую яўна недаацэньвае беларускі ўрад. У цяперашні час, каб атрымаць дывідэнды ад укладанняў у галіну, недастаткова пабудаваць шыкоўныя спартовыя аб’екты, рэканструяваць велічныя замкі ці выкласці мармурам цэнтры гарадоў. Для прыцягнення турыстаў трэба сфармаваць моду на краіну, як гэта пісьменна робяць, напрыклад, грузіны, якія стварылі сапраўдны культ Сакартвэла ў свеце. У прынцыпе, ім гэта рабіць не так ужо і складана, паколькі грузіны з’яўляюцца носьбітамі яркай паўднёвай культуры са старажытнай гісторыяй. А спалучэнне гор, мора і субтрапічнага клімату ўвогуле завяршае карціну “рая на зямлі”, у які імкнуцца многія. Магчымасці Беларусі, у параўнанні з той жа Грузіяй, на першы погляд, абмежаваныя. Але стварэнне моды на беларускае магчыма. Для гэтага трэба станавіцца беларусамі, пераставаць мысліць штампамі і ўяўляць турыста ў выглядзе бязмозглага антрапаморфнага кашалька з нагамі. Трэба паказваць замежнікам тое, што мы самі любім у Беларусі. Тады і ўсё атрымаецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ