Бясплатная ідэя для рэанімацыі гомельскай вінакурні



Гомельскія алкаголікі ў жалобе – збанкрутаваў мясцовы вінаробчы завод. Відаць, краіну насамрэч накрыла хваля крызісу, калі нават алкагольнае пітво перастала прыносіць прыбыткі.

Вінакурня ў горадзе над Сожам мае даволі вялікую гісторыю, хоць і не такую, як прыватныя прадпрыемствы французскай Бургундзіі ці якой-небудзь італьянскай Тасканы. Завод па вырабе віна ў Гомелі быў заснаваны ў 1925 годзе як пункт па перапрацоўцы пладоў і гародніны. Аднак за амаль стагоддзе з моманту запуску так і застаўся пунктам па перапрацоўцы. Мясцовыя аматары „танных і сярдзітых” напояў з усёй лінейкі прадукцыі з настальгіяй узгадваюць толькі напой з рамантычнай назвай „Сожскі замак”. Кажуць, што гэты напой нават можна было выпіваць, калі, вядома, у аптэках раптам сканчалася настойка баярышніку ці адэкалон. Але наконт густаў не спрачаюцца. Факт у тым, што на адно прадпрыемства ў горадзе стала менш. Барацьбіты з зялёным цмокам гэтай навіне толькі ўзрадуюцца. Маўляў, сканаў чарговы вырабнік атруты. Мясцовыя бізнесоўцы будуць прыглядацца да прываблівай тэрыторыі завода, бо ён знаходзіцца ў самым цэнтры горада. А пазасталыя працоўныя з гэтага прадпрыемства пачнуць шукаць новыя рабочыя месцы.

Праблема гомельскага вінаробчага завода ў тым, што на гэтым прадпрыемстве дзесяцігоддзямі спрабавалі рабіць нешта пад назвай віно, хоць віно робіцца выключна з вінаграда, а не з разнастайных кабачкоў ды бульбянога спірту. Тамтэйшыя вінаробы пра гэты сакрэт, відаць, нічога не ведалі. Іх жа на экскурсію на радзіму „Божоле” ці якога „Кот-Д’Ор” не вазілі. Ім жа не тлумачылі, што з кабачкоў „Божоле” не атрымаецца. Вось яны і працягвалі па наіўнасці лічыць свае „чарнілы” віном. Зрэшты, ведаю я аднаго вінароба-аматара, які стварае выдатны напой са сваіх яблыкаў, што растуць прама ў яго на падворку. Гэтае пітво называецца сідр. Мінімум укладанняў – максімум эфекту. Аднак самае каштоўнае: яблычнік робіцца з айчыннай садавіны. Чым не інавацыйная ідэя для адраджэння вінакурні? Стылёвы дызайн, беларускамоўная налепка і тэхналогія – глядзіш, і не трэба будзе працоўных адпраўляць на вуліцу. А ў нашых рэаліях гэта не так ужо і мала.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ