Чаму беларусы падтрымліваюць Віктара Бабарыку



Віктар Бабарыка стаў тым чалавекам, які ў 2020-м годзе ўвасобіў мару вялікай часткі беларускага народу пра мірную трансфармацыю рэжыма і пераўтварэнне краіны ў заможную дэмакратыю. Выглядае на тое, што нечаканая падтрымка былога банкіра і мецэната з боку грамадства і стала сапраўднай прычынай пераследу. Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам дагэтуль працягваюць знаходзіцца ў зняволенні і настойваюць на сваёй невінаватасці.

Вылучэнне Віктара Бабарыкі ў прэзідэнты ў 2020 годзе стала вялікай  нечаканасцю не толькі для палітызаванай публікі, але і для ўлады, якая праспала з’яўленне асноўнага канкурэнта, паколькі ўсе высілкі кінула на змаганне з традыцыйнай апазіцыяй. Больш за два дзесяцігоддзі ў нашай палітыцы дамінавала негалоснае правіла пра тое, што вялікаму бізнесу трэба як мага далей дыстанцыявацца ад змагання за ўладу. Перад вачыма беларусаў былі дзясяткі прыкладаў, калі паспяховыя бізнесоўцы 1990-х і 2000-х гадоў, абвясціўшы пра свае палітычныя амбіцыі, пазбаўляліся не толькі сваёй маёмасці, але і свабоды. І вось з асяроддзя, якое, здавалася, было зачышчанае дазвання, раптам выйшаў чалавек, які натхніў сваім прыкладам дзелавыя колы сталіцы. А далей, па інэрцыі, харызмай бізнесоўца захапіліся ў рэгіёнах. Нягледзячы на звышнеспрыяльныя ўмовы збору подпісаў (дэфіцыт часу, пандэмію каронавіруса і рэпрэсіі), каманда прыхільнікаў Віктара Бабарыкі паказала неверагодны вынік. За лічаныя дні да яго групы падтрымкі далучыліся каля 9 тысяч чалавек, якія сабралі рэкордныя амаль 400 тысяч подпісаў. Рэжым парушыў свае ж правілы гульні, не зарэгістраваўшы Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. Былы старшыня КДК Іван Церцель да суда абвясціў апанента кіраўніка дзяржавы злачынцам, пасля чаго выбарчая кампанія Віктара Бабарыкі завяршылася. Аднак пачалася палітычная кар’ера былога банкіра, які аказаўся моцным супернікам. Нягледзячы на выпрабаванні, якія выпалі на ягоную долю, ён прадэманстраваў характар байца і добрыя аналітычныя здольнасці. Нават цяпер, знаходзячыся ў чаканні прысуда, ён у вачах грамадства працягвае здабываць пункты падтрымкі.

У чым сакрэт поспеху Віктара Бабарыкі? За гады дыктатуры беларусы стаміліся ад эксперыментаў прыхільніка “рынкавага сацыялізму”. Запыт на “моцную руку”, уласцівы суграмадзянам у пачатку 1990-х, замяніўся на жаданне развівацца і інтэгравацца з цывілізаваным светам. І менавіта Віктар Бабарыка з ягоным іміджам рэспектабельнага і аптымістычнага чалавека, які не прамаўляў на мове варожасці, скарыў многіх. У яго вобразе вельмі гарманічна спалучыліся добразычлівасць інтэлігента з рашучасцю бізнесоўца. На фоне антыкапіталістычнай істэрыі ўлады ўпэўненыя прэс-канферэнцыі Віктара Бабарыкі выглядалі надзвычай выйгрышна і пераканаўча. Нягледзячы на тое, што з вуснаў пракурора гучаць неадэкватныя заявы пра магчымае пакаранне ў 15 гадоў, у рэалістычнасць такога сцэнара верыцца мала. Парадаксальна, але Віктар Бабарыка, калі яго асудзяць на такі тэрмін, яшчэ на адзін крок наблізіцца да перамогі. І, нешта падказвае, дакладна выйдзе на волю значна раней.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ