Чаму датэрмінова роспускаюць парламент?



Лідзія Ярмошына пасля камандзіроўкі ва Украіну ў розных інтэрв’ю не стамляецца казаць пра бездакорнасць украінскага выбарчага працэсу і пра нечаканую для яе перамогу Уладзіміра Зяленскага. З пункту гледжання беларускай чыноўніцы, якая вось ужо два дзесяцігоддзі забяспечвае элегантныя перамогі Аляксандру Лукашэнку, Україна – гэта насамрэч terra incognita. А вось для грамадстваў, дзе свабоднае, празрыстае і дэмакратычнае волевыяўленне з’яўляецца нормай, нічога дзіўнага ў справядлівым падліку галасоў сябрамі выбарчых камісій няма. Як няма дзіўнага нічога ў тым, што часцяком харызматычныя лідары з прадуманай палітычнай кампаніяй перамагаюць дасведчаных і салідных дзейных кіраўнікоў дзяржаваў, нягледзячы на няроўныя стартавыя магчымасці. Гэта і ёсць прыклад дэмакратыі з яе хібамі і моцнымі бакамі. Ва ўкраінскіх выбарах, у адрозненне ад беларускай імітацыі, інтрыга захоўваецца да апошняга моманту, а народ, калі што, з’яўляецца стрымліваючым фактарам для патэнцыйных узурпатараў. Прывяду адзін паказальны дыялог, які адбыўся летам 2013 года. “Вось вы выбралі Януковіча, ён вам падкруціць гайкі, як ягоны беларускі калега”, — гаворыць на адэскім пляжы адзін беларускі курортнік свайму выпадковаму ўкраінскаму знаёмаму. Той, не вагаючыся, выдае адказ: “Вы кепска ведаеце ўкраінцаў. Калі нам нешта не спадабаецца, Януковіч будзе хутка ўцякаць”. Так і здарылася літаральна праз некалькі месяцаў, калі ўкраінскі прэзідэнт Януковіч, спрабуючы змяніць геапалітычны курс краіны, справакаваў рэвалюцыю. У Беларусі з яе зачышчаным палітычным полем, стэрыльнай медыясферай і кантраляваным парламентам нічога падобнага ў бліжэйшы час чакаць не выпадае. Прынамсі, кіруючыя эліты ў гэтым настолькі перакананыя, што дазваляюць сабе любыя фокусы. Напрыклад, фактычна ідуць на датэрміновы роспуск парламента, як гэта анансаваў кіраўнік беларускай дзяржавы пару тыдняў таму.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч заўважае, што прызначэнне даты выбараў на лістапад 2019 года — гэта грубае парушэнне Канстытуцыі, паколькі паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць скарочаныя толькі пры пэўных умовах: “Пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне Прэм’ер-міністра. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі”.

Паспешлівасць беларускага кіраўніка ў прызначэнні датэрміновых выбараў на 7-га лістапада аналітыкі паспелі патлумачыць неспрыяльным знешнепалітычным фонам і наяўнасцю ў кантраляваным парламенце дзвюх апазіцыйных кандыдатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай. Адпаведна, улады, скараціўшы дзеянне парламенту амаль на год, імкнуцца пазбегнуць мінімальных рызыкаў напярэдадні надзвычай важнай для іх прэзідэнцкай кампаніі 2020.

На такім фоне свежыя заявы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, што “выбары на Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі – кепская ідэя”, – гэта не сімптомы наменклатурнага бунту, а заканамернае жаданне зняць градус грамадскай незадаволенасці з нагоды выбару даты парламенцкіх выбараў. Па-першае, старшыня ЦВК спрабуе данесці да грамадства думку пра тое, што ніякага датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламенту няма. Проста выбары праводзяцца раней. Па-другое, Лідзія Ярмошына намагаецца загадзя апраўдаць нізкую яўку на выбарах, заяўляючы, што беларусы 7 лістапада могуць масава не прыйсці на ўчасткі, паколькі выбарцы будуць “недзе адпачываць, можа быць, знаходзіцца за мяжой”. Выглядае на тое, што ўлады ўсведамляюць пашырэнне абсентэісцкіх настрояў у грамадстве, але не пераймаюцца гэтым, думаючы, што беларусы і ў гэты раз праглынуць любыя вынікі выбараў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ