Чаму КНР раптам далучылася да краін, якія асуджаюць вайну ва Украіне



Яшчэ ў першыя дні вайны ва Украіне ў тэксце “Што можа прымусіць Маскву спыніць захопніцкую вайну?” адным з фактараў, які меўся спыніць Уладзіміра Пуціна, мы называлі адназначную рэакцыю афіцыйнага Кітая. За тры тыдні Пекін адсылаў Маскве і Захаду няўцямныя сігналы, якія можна было інтэрпрэтаваць па-рознаму. Прыхільнікі Украіны бачылі ў стрыманай пазіцыі Паднябеснай добрыя знакі на тое, што Кітай неўзабаве вызначыцца з тым, як рэагаваць на акт агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы. Крэмль усяляк праз свае прапагандысцкія каналы намякаў пра падтрымку сваіх дзеянняў з боку самай населенай краіны свету. Аднак насамрэч ніякіх дакладных заяваў, якія б дазвалялі рабіць выснову пра сапраўднае стаўленне Кітая да развязанай Пуціным вайны ва Украіне доўгі час не было. І вось, выглядае на тое, кіраўніцтва КНР, нарэшце, вызначылася. І гэта кепская навіна для РФ.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол КНР ва Украіне Фань Сяньжун заявіў для ўкраінскай прэсы наступнае: “Кітай ніколі не будзе нападаць на Украіну, мы будзем дапамагаць, у прыватнасці ў эканамічным напрамку… Мы гатовыя дапамагаць вам развівацца. У гэтай сітуацыі, якая ў вас ёсць, мы будзем паступаць адказна. Мы ўбачылі, наколькі вялікая еднасць украінскага народа, а гэта значыць і яго сіла”, – заявіў амбасадар. Падобнае выказванне ў гарачую фазу вайны не з’яўляецца спробай агучыць нейтральныя словы для суцяшэння краіны-гаспадара. У Маскве гэтую цытату дакладна ацэняць. У прынцыпе пра гэта прама напісаў вядомы амерыканскі дыпламат, былы пасол ЗША у РФ, Майкл Макфол у сваім твітары. Паводле эксперта, які выдатна ведае ўнутрыпалітычную кухну ў Расеі, дадзеная заява кітайскага пасла выклікае ў Крамля шал. Трэба сказаць, што запэўніванні кітайскага дыпламата адносна падтрымкі Украіны не выглядаюць імправізацыяй і самаплёцтвам. Справа ў тым, што ў гэты ж час на старонках уплывовага амерыканскага выдання Washington Post выступіў з калонкай амбасадар Кітая ў ЗША Цінь Ган, які ў тэксце рашуча адкінуў абвінавачанні ў змове і заявіў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. “Дазвольце мне адказна заявіць: сцвярджэнні, што Кітай ведаў, згадзіўся ці маўкліва падтрымаў гэтую вайну, з’яўляюцца чыстай дэзінфармацыяй. Усе гэтыя заявы служаць мэце перакласці віну і абліць брудам Кітай”, — напісаў пасол Кітая ў ЗША. Такім чынам, мы бачым сінхронныя заявы двух высокапастаўленых дыпламатаў КНР, агучаныя ў ваюючай краіне і ў ЗША – дзяржаве, ад якой у вялікай ступені залежыць далейшае развіццё падзей.

Пра што сведчаць праўкраінскія заявы кітайскіх дыпламатаў? КНР цяжка западозрыць у сімпатыях да дэмакратый, клопатах пра правы чалавека і ў адданасці нормам міжнароднага права. Аднак ёсць некалькі прагматычных момантаў, якія прымушаюць Пекін схіляцца на бок Украіны. Па-першае, Украіна з’яўляецца адным з найбуйнейшых гандлёвых партнёраў КНР. Па-другое, лагістыка кітайскага экспарту прымушае Кітай рашуча дзейнічаць у плане нармалізацыі абстаноўкі ва Усходняй Еўропе, якая з’яўляецца адным з важных звёнаў у ланцугу кітайскай эканамічнай экспансіі. Па-трэцяе, Кітай з яго фобіямі сепаратызмаў на ўласна кітайскай тэрыторыі заўжды выступае супраць перагляду дзяржаўных межаў. Але, самае галоўнае, заявы кітайскіх дыпламатаў залежаць наўпрост ад аднаго чынніка: за апошні год таваразварот паміж КНР і ЗША вырас амаль на 30% і склаў амаль 756 мільярдаў долараў ЗША. То бок, нягледзячы на пэўныя праблемныя моманты ў міждзяржаўных дачыненнях ЗША і Кітая, мы назіраем эканамічны рост, што не можа не ўплываць на пазіцыю Пекіна. Хутчэй за ўсё, адміністрацыя Джо Байдэна, сутыкнуўшыся з беспрэцэдэнтнай з часоў ІІ Сусветнай вайны вайсковай агрэсіяй РФ, вырашыла забыць на ўсе ранейшыя рознагалоссі з КНР і прыкласці намаганні па паляпшэнні адносін. Гэта значыць, прадказальна РФ застаецца сам-насам супраць усяго свету ў канфлікце з Украінай, што не нясе нічога добрага для будучыні гэтай дзяржавы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ