Чаму Крымскі мост па-ранейшаму цэлы?



За два месяцы вайны Украіна не раз дэманстравала ўсяму свету, што вядзе выключна абарончыя дзеянні і не збіраецца ўпадабняцца агрэсару, які заліў крывёй незалежную дзяржаву. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў адной з апошніх прэс-канферэнцый прама заявіў, што задача, пастаўленая перад ЗСУ — гэта нанясенне сакрушальнай паразы суперніку на тэрыторыі Украіны. І трэба сказаць, што ўкраінскі генштаб строга прытрымліваецца такога фармату, нягледзячы на надзвычай складаную сітуацыю на Усходзе і на Поўдні. Разам з тым, перыядычна ў друку альбо з вуснаў высокапастаўленых чыноўнікаў гучаць меркаванні адносна таго, што Украіна можа адказаць у разе патрэбы і перанесці баявыя дзеянні на тэрыторыю суперніка. На дадзены момант маюць месца некаторыя праявы таго, што Украіна здольная весці атакуючыя дзеянні, не абмяжоўваючы сябе кардонамі дзяржавы. Гаворка ідзе пра “таямнічыя” ўзгаранні ваенных складаў і нафтабазаў у прыпамежных з Украінай абласцях РФ. Такія надзвычайныя сітуацыі сталі адбывацца рэгулярна і істотна ўскладняюць забеспячэнне расейскай вайсковай машыны. На фоне паспяховых акцый, якія не спяшаецца прыпісваць сабе ЗСУ, у грамадства і некаторых публіцыстаў узнікае пытанне, чаму дагэтуль цэлы Крымскі мост, які з’яўляецца не толькі сімвалам расейскай агрэсіі, але і дапамагае спраўна забяспечваць усе патрэбы войскаў, якія атакуюць пазіцыі ЗСУ на Поўдні Украіны.

Высокія ўкраінскія чыноўнікі, зрэшты, не маўчаць на тэму Крымскага моста. Сакратар Рады нацбяспекі Украіны Аляксей Данілаў у адным з радыёэфіраў адказаў на пытанне, ці можа Украіна ўдарыць па Крымскім мосце. Прадстаўнік Украіны заявіў: “Калі будзе магчымасць гэта зрабіць — мы гэта абавязкова зробім”. На такую заяву вельмі нервова адрэагавалі ў Крамлі. Практычна адразу прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў назваў выказванне Данілава пра магчымы ўдар па Крымскім мосце “анансаваннем магчымага тэрарыстычнага акту”.

Украінскія ваенныя аналітыкі канстатуюць, што насамрэч ЗСУ не маюць магчымасці атакаваць Крымскі мост. Аўтарытэтны ваенны эксперт Алег Жданаў у гутарцы з журналістам Дзмітрыем Гардонам патлумачыў, чаму ўкраінскае войска не можа знішчыць мост, па якім ідуць пастаўкі зброі, прадуктаў і іншых неабходных сродкаў для вядзення вайны з боку РФ. “У нас няма агнявых сродкаў, якія маглі б ударыць па Крымскім мосце. Адпраўляць туды авіяцыю, бамбардавальнікі — бессэнсоўна, таму што шчыльнасць СПА там зашкальвае. Яны проста не даляцяць. ДВГ (дыверсійна-выведніцкая група) проста не данясе столькі выбухоўкі і не дойдзе да гэтага моста”, — падсумоўвае эксперт. Такім чынам, у тлумачэннях высокіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў экспертнай супольнасці знішчэнне Крымскага моста на гэты момант з’яўляецца задачай маларэальнай. Аднак ёсць у гэтай сітуацыі яшчэ адзін аспект, які не могуць не ўлічваць у Кіеве. Справа ў тым, што Крымскі мост — гэта тая рыса, перасячэнне якой можа вывесці канфлікт на больш высокі ўзровень і справакаваць РФ на выкарыстанне зброі масавага паражэння. Мост, які спалучае расейскую Кубань і анексаваны Крым, — гэта не проста складанае і дарагое архітэктурнае збудаванне, але і сімвал імперскай палітыкі Уладзіміра Пуціна, сутнасць якой заключаецца ў тым, што дзеля аднаўлення велічы Расеі ўлады не будуць думаць пра цану пытання. Аднак, незалежна ад жадання Уладзіміра Пуціна, працяг вайны падвышае рызыкі знішчэння моста. Некалі мінулы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, каментуючы незаконнае ўзвядзенне Крымскага моста напісаў у твітары: “Мост абавязкова спатрэбіцца акупантам, калі тыя будуць у тэрміновым парадку пакідаць наш Крым”. І нешта падказвае, што да спаўнення ягоных словаў справа можа нават не дайсці. Зрэшты, ва ўсе часы толькі тыя масты былі трывалымі, якія аб’ядноўвалі людзей. Крымскі мост у гэтым плане ўнікальны: яго задача адваротная.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ