Чаму Лукашэнка зачасціў у бальніцы?



У шматлікіх відэасюжэтах дзяржаўных СМІ, якія асвятляюць акалічнасці візітаў кіраўніка дзяржавы ў медычныя ўстановы, дэманструецца, як галоўны герой матэрыялаў смела заходзіць у “чырвоныя зоны” з маскай на падбароддзі, падбадзёрвае “цяжкіх” хворых і задае розныя жыццёвыя пытанні лекарам. Падчас падобных інспекцый сталічных, абласных і раённых медустановаў кіраўнік дзяржавы паспеў даць ацэнку стану сістэмы медычнага абслугоўвання, раскрытыкаваць дзеянні палітыкаў Захаду ў дачыненні да Беларусі, абвінаваціць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла ў несамастойнасці і г.д. Інакш кажучы, падобныя паездкі становяцца інфармацыйнымі падзеямі ва ўмовах, калі праз пандэмію каронавіруса немагчыма арганізаваць маштабныя масавыя мерапрыемствы альбо запрасіць у прэс-туры лаяльных замежных журналістаў. Адпаведна, такія візіты становяцца магчымасцю для кіраўніка дзяржавы нагадаць пра сябе і паспрабаваць вярнуць дамінаванне ў інфармацыйным полі.

Візіты Аляксандра Лукашэнкі ў бальніцы на фоне другой хвалі небяспечнай каронавіруснай інфекцыі, безумоўна, з’яўляюцца часткай стратэгіі, распрацаванай праўладнымі паліттэхнолагамі. Такія мерапрыемствы пакліканыя вырашыць некалькі важных задач.

Па-першае, на фоне брутальных разгонаў масавых маніфестацый, якія працягваюцца са жніўня месяца ў Беларусі, аўтарытарны рэжым па многіх ускосных прыкметах страціў падтрымку большасці насельніцтва. Менавіта нематываваная і непрапарцыйная жорсткасць сілавікоў, якія забяспечылі захаванне ўлады шляхам беспрэцэдэнтнага гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, зруйнавалі дазвання міф пра народную любоў да прэзідэнта. Нездарма за кіраўніком дзяржавы ў жніўні замацавалася мянушка “прэзідэнт АМАП-у”. У такім рэнамэ насамрэч для аўтакрата няма нічога добрага, бо зацятае змаганне з дэманстрантамі-дэлегатамі ад большасці — шлях у адзін бок. Больш за тое, знікненне шматтысячных антыўрадавых шэсцяў з вуліц гарадоў — гэта зусім не перамога, як у тое хочуць верыць атаманы сілавікоў. Цяпер любая падзея кшталту правядзення канстытуцыйнага рэферэндума ці эканамічны крызіс справакуюць такую хвалю народнага гневу, што ўсе пратэсты папярэдніх месяцаў будуць здавацца дзіцячымі гульнямі. Такім чынам, улада, усведамляючы небяспеку ад апоры выключна на сілавікоў, імкнецца “ачалавечыць” вобраз правадыра, які падчас наведвання бальніц дэманстратыўна праяўляе клопат пра народ. 

Па-другое, улада, насуперак шматлікім заявам, вельмі зацікаўленая ў тым, каб вярнуць лаяльнасць адной з самых аўтарытэтных груп насельніцтва, якой з’яўляецца прафесійная супольнасць медыкаў. Пасля драматычных падзей 2020 года лекары сталі адной з самых палітызаваных груп у грамадстве, якая патрабавала ад уладаў спынення гвалту і аднаўлення справядлівасці. Нягледзячы на выказванні кіраўніка дзяржавы, з якіх вынікала, што нязгодных з рэжымам дактароў хутка заменяць на лаяльных, а то і замежных спецыялістаў, сітуацыя ў медычнай сістэме склалася такая, што дзяржава не можа сабе дазволіць раскідвацца кваліфікаванымі кадрамі. Адпаведна, турнэ кіраўніка дзяржавы па бальніцах павіннае вярнуць давер і лаяльнасць медыкаў.

Па-трэцяе, ва ўсіх гэтых паездках па бальніцах Беларусі прасочваецца адзін псіхалагічны момант. Прадстаўнікі афіцыйных элітаў зразумелі, што каронаскептыцызм, які паўсюдна дэманстраваў у пачатку года Аляксандр Лукашэнка, сыграў з ім злы жарт. І цяпер замена рыторыкі выглядае спробай вярнуць усё да сітуацыі “дакавіднай рэчаіснасці”, калі дрэвы былі вялікімі, а беларусы – “мірнымі і паслухмянымі”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ