Чаму “пацыфісцкая” рыторыка беларускай апазіцыі прывядзе да перамогі
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская заклікае міжнародную супольнасць вывесці расейскія войскі з Беларусі. “Тое, што яны знаходзяцца ў нашай краіне, з’яўляецца крыніцай небяспекі для ўсяго рэгіёну”, — падкрэслівае палітык. У дадзены момант, калі ўвесь свет шакаваны фотадоказамі злачынстваў у Бучы, Марыупалі і іншых гарадах Украіны, вядома, вельмі цяжка прыцягнуць увагу да праблемы фактычнай акупацыі Беларусі РФ. Аднак заканчэнне вайны немагчымае без вываду войскаў агрэсара з Беларусі, прысутнасць якіх будзе азначаць магчымасць далейшай эскалацыі канфлікту.
Вайсковыя вучэнні “Саюзная рашучасць”, якія пачаліся ў студзені гэтага году, перараслі ў поўнамаштабную вайну РФ супраць Украіны, прычым Масква ўцягнула ў авантуру і Беларусь, выкарыстоўваючы нашую тэрыторыю ў якасці плацдарму для нападу. Насуперак усім заявам міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, які сцвярджаў, што па завяршэнні вучэнняў расейская баявая тэхніка пакіне краіну, гэтага не адбылося. Больш за тое, паводле зацверджаных нормаў, удзел Беларусі ў вайне, нават апасродкаваны, трактуецца міжнароднай супольнасцю адназначна як агрэсія. Чытаем вытрымкі рэзалюцыі 3314 (ХХIХ) Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года, артыкул З пра вызначэнне акту агрэсіі: “дзеянне дзяржавы, якая дазваляе, каб яе тэрыторыя, якую яна прадаставіла для іншай дзяржавы, выкарыстоўвалася гэтай дзяржавай для здзяйснення акта агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы”. Такім чынам, нават паводле бяззубых аанаўскіх фармулёвак, афіцыйная Беларусь трапіла ў вельмі складанае становішча. Адпаведна, міжнародны ціск на нашую краіну будзе нарастаць. А ў сітуацыі, калі Расея фактычна прайграе, то перспектывы быць саюзнікам краіны-агрэсара выглядаюць вельмі змрочна. У горшым выпадку РФ захоча пакінуць пад кантролем Беларусь у якасці кампенсацыі за паразу ва Украіне. Падтрымліваючы Расею ў вайне, Беларусь звузіла сабе магчымасці для выбудоўвання самастойнай знешняй палітыкі і фактычна стала бяспраўным васалам Крамля.
Але праблемы на фронце знешняй палітыкі — гэта яшчэ кветачкі ў параўнанні з тым, што чакае рэжым у бліжэйшыя месяцы, улічваючы сумнеўную легітымнасць улады і да вайны. Цяпер нават сярод прыхільнікаў улады цяжка знайсці з паходняй чалавека, які б радаваўся перспектывам паўнавартаснага ўдзелу беларускай арміі ў злачыннай вайне. Прынамсі, паміраць ніхто з вертыкалі і сілавога блоку яўна не хоча. Асобным пунктам, які раздражняе ўсё больш беларусаў унутры самой Беларусі, з’яўляецца фактар прысутнасці расейскіх вайскоўцаў. Яны, хоць і намагаюцца абмежаваць максімальна кантакты з абарыгенамі, усё роўна злуюць насельніцтва бясконцымі перасоўваннямі калонаў вайсковай тэхнікі, выкарыстаннем грамадзянскіх аэрапортаў, беларускіх дарог і інфраструктуры пад ваенныя патрэбы. І хоць пакуль што да канфліктаў паміж “турыстамі” з РФ і беларусамі не дайшло, але можна не сумнявацца, што з кожным днём іх незаконнага прыбывання ў Беларусі незадаволенасць грамадства будзе толькі нарастаць. Такім чынам, улада трапіла ў пастку, калі не можа адкрыта адправіць па курсе расейскага ваеннага карабля свайго саюзніка, але пры гэтым рызыкуе выклікаць сваімі дзеяннямі бунт беларусаў. У гэтай сітуацыі вельмі пісьменнай і правільнай выглядае пазіцыя апанентаў улады, якія патрабуюць неадкладнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і абвяшчаюць антываенны рух. З кожным днём працягу бессэнсоўнай і крывавай вайны пацыфісцкія настроі ў Беларусі пачнуць дамінаваць, што і прывядзе да аб’яднання беларусаў на грунце супрацьстаяння расейскай агрэсіі.