Чаму планы не рэалізаваліся?



Украінская выведка падзялілася дакументам, у якім падрабязна распавядаецца пра планы РФ на ўвядзенне сваіх войскаў у 2020 годзе на тэрыторыю Беларусі. Пры азнаямленні з дакументам трэба ўлічваць сітуацыю інфармацыйнай вайны паміж Украінай і РФ. Адпаведна, публікацыя дакумента можа быць часткай інфармацыйнага ўздзеяння на беларускі народ і ўладу з боку Украіны. Калі ж узяць на веру апублікаваныя дадзеныя, то яны пацвярджаюць гіпотэзы многіх беларускіх апазіцыйных лідараў адносна імперскіх апетытаў Крамля. У дакуменце апісваюцца вайсковыя часткі, якім ставяцца задачы па супрацьдзеянні “варожым” намерам Захаду. Таксама прадумваецца да дэталяў лагістыка і маршруты перакіду арміі пад выглядам “вучэнняў”.

Аднак самы цікавы блок – матывіроўка ўвядзення войскаў на тэрыторыю суверэннай дзяржавы. У беларускім выпадку, як і ва Украіне ўзору 2014 года, падставай для ўвядзення войскаў павінен быць зварот Аляксандра Лукашэнкі аб дапамозе ў навядзенні “канстытуцыйнага парадку”. Аўтарамі ліста канстатуецца, што вялікія хваляванні адбываюцца па ўсёй краіне, пераважна ва ўсіх вялікіх гарадах. Дзеля беспраблемнага перасоўвання тэхнікі дазваляецца выкарыстанне зброі і прыняцце шматлікіх мер ахоўнага парадку. Дакумент, акрамя ваеннага складніка “спецаперацыі”, прадугледжвае правядзенне прапагандысцкай работы ў Інтэрнэце, інфармаванне насельніцтва з дапамогай папяровых улётак. Стваральнікі плану мяркуюць, што ўмяшальніцтва войскаў РФ ва ўнутрыпалітычную сітуацыю “ўзмацніць аўтарытэт Аляксандра Лукашэнкі сярод прадстаўнікоў сілавых структур краіны, а таксама кансерватыўнай часткі насельніцтва, а таксама знізіць пратэставую актыўнасць у сувязі з нежаданнем большасці грамадзянаў рэспублікі (у тым ліку сярод пратэстоўцаў) ісці на канфлікт з РФ.”

Аналіз дакумента паказвае, што расейскія ўлады мелі распрацаваныя варыянты мілітарнага ўмяшальніцтва ў поствыбарчую сітуацыю ў Беларусі ў 2020 годзе, што, па сутнасці, не з’яўляецца вялікім сакрэтам. Вядома, што ў самыя крытычныя моманты для рэжыму, у жніўні 2020 года, калі захісталася ўладная вертыкаль і з’явілася адчуванне ступару сілавых структур, на дапамогу Аляксандру Лукашэнку прыйшоў Крэмль. Уладзімір Пуцін у адным з інтэрв’ю заявіў, што даручыў перадыслакаваць некаторыя злучэнні Нацгвардыі на мяжу з Беларуссю. Паводле расейскага кіраўніка, ён аддаў адпаведны загад на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, з’яўленне планаў, апублікаваных украінскай выведкай, было пытаннем часу. І толькі магутная воля беларускага грамадства, якое, нягледзячы ні на якія правакацыі, не пайшло на сілавы варыянт дэмантажу ўлады, не дало тым планам увасобіцца ў 2020 годзе. На той момант увядзенне расейскіх войскаў на піку пратэстаў магло прывесці да непрадказальных вынікаў, у тым ліку масавых ахвяраў сярод найбольш пасіянарнай часткі цывільнага насельніцтва. Непрыхаваная ж падтрымка Масквой Аляксандра Лукашэнкі на ўсіх узроўнях пасля выбараў істотна скараціла колькасць сімпатызантаў РФ у самой Беларусі. А наступныя два гады рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, прэсы і апанентаў рэжыму паўплывалі на грамадскія настроі, якія ў 2022 годзе выявіліся ў адсутнасці сярод беларусаў масавай падтрымкі вайны Крамля ва Украіне. Такім чынам, мірны пратэст супраць улады ў 2020 годзе трансфармаваўся ў пацыфісцкія і антыкрамлёўскія настроі ў беларускім грамадстве ў 2022 годзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ