Чаму расейская прапаганда саромеецца слова “вайна”?
Крывавая вайна ва Украіне, развязаная Уладзімірам Пуціным, працягваецца амаль два месяцы. За гэты час, нават паводле самых мінімальных падлікаў, загінулі дзясяткі тысяч вайскоўцаў з двух бакоў, тысячы цывільных грамадзянаў Украіны былі забітыя ў вядомых цяпер на ўвесь свет гарадах Буча, Ірпень, Марыупаль. Больш за 5 мільёнаў украінцаў пакінулі сваю Радзіму, уцякаючы ад вайны. Некаторыя прыфрантавыя гарады ў Данбасе былі знішчаныя амаль на 100 %. І нават пасля страты паўтары сотні летакоў, кожны з якіх каштуе дзясяткі мільёнаў долараў, пасля гібелі флагманскага крэйсера “Масква” Чарнаморскага флоту РФ з часткай экіпажу ўлады РФ працягваюць рабіць выгляд, што ва Украіне поўнай хадой ідзе “спецаперацыя”, а не маштабная вайна. Чаму ўлады Расеі дагэтуль саромеюцца называць свае дзеянні ва Украіне вайной?
У РФ на заканадаўчым узроўні ад пачатку ваенных дзеянняў супраць Украіны забаранілі называць уварванне вайной. Увядзенне фактычна ваеннай цэнзуры ў расейcкіх СМІ рэгулюецца Законам “Аб фэйках супраць расейскай арміі”. Максімальнае пакаранне за распаўсюд “непраўдзівай інфармацыі пра войска РФ, якое пацягнула цяжкія наступствы”, — да 15 год турмы. Кантроль за забеспячэннем цэнзуры ўскладзены на Раскамнагляд, які вельмі аператыўна, у першы дзень вайны, апублікаваў на сваім сайце папярэджанне да сродкаў масавай інфармацыі, згодна якому гэты кантралюючы орган можа заблакаваць любую старонку ў Інтэрнэце.
Адзін з праўладных расейскіх экспертаў, палкоўнік запасу Андрэй Кошкін, заўважыў, што спецаперацыя ад вайны адрозніваецца тым, што “не ставіць сваёй мэтай акупацыю Украіны”. Прэс-сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава ў адным з эфіраў гаварыла пра тое, што “спецыяльная ваенная аперацыя РФ ва Украіне не з’яўляецца пачаткам вайны, а наадварот — накіравана на спыненне глабальнага супрацьстаяння і завяршэнне баявых дзеянняў”. У шматлікіх выказваннях прадстаўнікоў расейскага Міністэрства абароны пастаянна гаворыцца пра тое, што, у адрозненне ад вайны, падчас якой знішчаецца ўсё, спецаперацыя “не пагражае цывільнаму насельніцтву, а авіяцыя і артылерыя не наносяць удараў па гарадах Украіны”. Наколькі гэта ўсё адпавядае праўдзе, яскрава бачым на прыкладах вызваленых гарадоў украінскае Поўначы, кадры з якіх шакавалі свет. У дадзены момант чалавецтва мае доказы варварскага знішчэння ўкраінскіх гарадоў у Данбасе, прычым метады вядзення вайны ў гэтых рэгіёнах, якія дэманструе расейская армія, гуманнымі яўна не назавеш. Такім чынам, мы бачым, што насамрэч рыторыка афіцыйнай Масквы далёкая ад праўды. Хутчэй за ўсё, упартае выкарыстанне эўфемізма “спецаперацыя” выкліканае наступнымі матывамі. Па-першае, уся расейская антыўкраінская прапаганда грунтуецца на месыджы пра тое, што Украіна ўяўляе сабой “недадзяржаву”. Адпаведна, параза Расеі ў вайне з “недадзяржавай” у вачах уласнага народу можа выклікаць непрадказальныя наступствы, а пройгрыш у спецаперацыі можна заўжды пазіцыянаваць як частковае выкананне тых ці іншых задач. Па-другое, абвяшчэнне паўнавартаснай вайны прадугледжвае ўсеагульную мабілізацыю, што таксама яскрава прадэманструе нямогласць пуцінскай ваеннай машыны ў супрацьстаянні з народам Украіны.