Чаму Расея зрабіла крок у бок умацавання аўтарытарызму?



Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў закон пра публічную ўладу, галоўным пунктам якога ёсць забарона на выкарыстанне назвы прэзідэнт у адносінах да кіраўнікоў рэгіёнаў і рэспублік-суб’ектаў РФ. Супраць гэтага новаўвядзення “ўзбунтаваўся” толькі адзін рэгіён – Татарстан, які дагэтуль меў на чале рэспублікі кіраўніка ў афіцыйным статусе прэзідэнт краіны. Фактычна гаворка ідзе пра той рэдкі выпадак, калі мясцовыя афіцыйныя эліты адкрыта выказалі незадаволенасць прэтэнзіямі Крамля на частку ўладных паўнамоцтваў. Грамадскія актывісты і прадстаўнікі татарскага нацыянальнага руху небеспадстаўна заяўляюць, што новы закон – гэта ўвогуле замах на суверэнітэт Рэспублікі Татарстан, ад якога, праўда, у апошнія дзесяцігоддзі і так мала чаго засталося.

Рэспубліка Татарстан, альбо Татарстан, – унікальнае адміністрацыйнае ўтварэнне на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Гэты рэгіён ў пачатку 1990-х гадоў практычна выйшаў са складу Расеі, прычым у падтрымку дзяржаўнага суверэнітэту Татарстану на адмысловым рэферэндуме прагаласавала большасць жыхароў рэспублікі – каля 62%. Тагачаснаму кіраўніку РФ Барысу Ельцыну з вялікай цяжкасцю ўдалося ўтрымаць былую аўтаномію ў межах краіны. Курс на выхад Татарстану са складу РФ быў абумоўлены некалькімі фактарамі: слабасцю цэнтральнай улады, нацыянальным характарам рэспублікі (амаль 50% жыхароў рэспублікі па стане на 1990-ы з’яўляліся этнічнымі татарамі) і высокім узроўнем эканамічнага развіцця. Аднак, насуперак легітымнаму рэферэндуму 1992 года, вынікам якога фактычна было абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Татарстана, далей дзяржбудаўніцтва не пайшло. Справа тут у асобе кіраўніка Татарстану, выхадца з наменклатурных колаў Мінцімера Шайміева, які адмовіўся ад курсу на будаўніцтва незалежнай краіны. Гэты функцыянер выкарыстаў вынікі рэферэндуму для таго, каб мець у сваіх руках дадатковы інструмент ціску на цэнтральную ўладу, з дапамогай якога ён мог атрымліваць шматлікія прэферэнцыі і мець высокую ступень аўтаноміі. Што праўда, у пазнейшых інтэрв’ю Мінцімер Шайміеў сцвярджаў, што рашэнне аб тым, каб застацца ў складзе РФ, было безальтэрнатыўным, паколькі ў адваротным выпадку рэспубліку чакаў лёс Чачэніі перыяду Джахара Дудаева. Так ці інакш, але для таго, каб Татарстан не адышоў ад Расеі, Маскве давялося заключыць з гэтай рэспублікай адмысловую дамову, у якой і прадугледжвалася пасада прэзідэнта Татарстану. І вось, у 2021 годзе, пасля шэрагу крокаў Уладзіміра Пуціна па цэнтралізацыі ўлады, дайшла чарга і да ўвядзення забароны на выкарыстанне назвы прэзідэнт у дачыненні да кіраўнікоў рэгіёнаў.

Сам па сабе выпадак з ліквідацыяй ці не апошняй прыкметы суверэнітэту Татарстану дастаткова тыповы для аўтакратыі, якая дзеля самазахавання імкнецца ўсімі спосабамі прыбраць іншыя цэнтры ўлады і нейтралізаваць у зародку будучыя праблемы. Па сутнасці, мы назіраем чарговы доказ таго, што Расея з’яўляецца федэратыўным утварэннем выключна на паперы, а на справе — гэта неаімперыя. Відавочна, з чарговым паслабленнем цэнтральнай улады Расеі як дзяржаве давядзецца разбірацца з многімі тэрытарыяльнымі крызісамі, у параўнанні з якімі пачатак 1990-х падасца ледзьве не ўзорам стабільнасці. Існаванне РФ у цяперашніх межах у будучыні магчыма толькі ў выпадку перафарматавання дзяржаўнага ўладкавання з улікам інтарэсаў суб’ектаў федэрацыі, прычым цэнтр мае прапанаваць шэраг прывабных альтэрнатыў рэгіёнам, якія, узважыўшы ўсе “за і супраць”, пагадзяцца на заключэнне новых дамоваў на дэмакратычных асновах. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ