Чаму размарожванне дачыненняў з ЗША гэта добра?
Чым гучней раздаюцца заклікі расейскіх інтэгратараў, тым хутчэй Беларусь разварочваецца ў бок цывілізаванага свету, а палітыка дзяржавы становіцца рэальна шматвектарнай. На гэтым тыдні здарылася насамрэч важная падзея, якая ў істотным сэнсе паўплывае на развіццё Беларусі ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Міністэрства замежных справаў Беларусі і намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Хэйл анансавалі вяртанне міждзяржаўных дачыненняў на прыступку найвышэйшага дыппрадстаўніцтва, калі ў Менску зноў запрацуе амбасада на чале з паслом.
Гэтая навіна, нягледзячы на заканамернасць такога фіналу (цягам некалькіх апошніх гадоў беларускае МЗС інтэнсіўна працавала на размарожванне дачыненняў па лініі Менск-Вашынгтон), усё роўна выклікае аптымізм у вялікай часткі грамадства, якая з занепакоенасцю сочыць за развіццём сюжэта ў серыяле пад назвай “Саюзная дзяржава”. Справа ў тым, што адкрытасць свету і прысутнасць на тэрыторыі незалежнай дзяржавы як мага большай колькасці дыпламатычных пляцовак іншых краінаў з’яўляецца вельмі істотным фактарам нацыянальнай бяспекі. А калі казаць пра дыппрадстаўніцтва звышдзяржавы ЗША, то да гэтага дадаецца і ўпэўненасць у тым, што ў крытычны момант увага наймацнейшай дзяржавы ў свеце можа быць звернутая ў бок Беларусі.
У любым разе вяртанне амерыканскага амбасадара ў Беларусь – безумоўны пазітыў. Услед за павелічэннем прысутнасці супрацоўнікаў дыпкорпуса ЗША Беларусь можа спадзявацца на інтэнсіфікацыю ўзаемадзеяння на эканамічным напрамку, інвестыцыі і нават на зняццё некаторых санкцый. Грамадзянская супольнасць таксама атрымае надзейнага хаўрусніка ў выглядзе амерыканскага пасла. А ўся краіна чарговы раз атрымлівае шанс на далейшую дэмакратызацыю. Зразумела, гэты аптымістычны сцэнар у любы момант можа быць перакрэслены ў выпадку чарговага адкату ў галіне правоў чалавека альбо ў выніку спецыяльна раздзьмутага дыпламатычнага канфлікту, як тое было ў 2008 годзе. Нагадаем, менавіта з таго часу ў Беларусі не працавала напоўніцу амбасада ЗША. Пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да канцэрна “Белнафтахім” афіцыйны Менск запатрабаваў скарачэння амерыканскага дыппрадстаўніцтва, што прывяло да амаль поўнага замарожвання стасункаў на цэлае дзесяцігоддзе. У Менску працаваў сціплы штат супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі ў складзе 5 чалавек на чале з часова павераным. Каб атрымаць візу ў ЗША, беларусам даводзілася ехаць у Маскву ці Кіеў.
Размарожванне беларуска-амерыканскіх дачыненняў ставяць сабе ў заслугу не толькі нашыя дыпламаты, але і апазіцыйныя асяродкі. Прадстаўнік новай генерацыі беларускіх палітыкаў Франак Вячорка, напрыклад, на сваёй старонцы ў фэйсбуку прама напісаў, што вяртанне амбасадара ў Менск – гэта плён высілкаў многіх беларускіх палітыкаў і актывістаў, якія на ўсіх магчымых пляцоўках заклікалі ЗША забяспечыць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Зрэшты, як гэта не дзіўна, але перад пагрозай страты суверэнітэту, нарэшце, сінхранізаваліся высілкі афіцыйных уладаў і грамадзянскай супольнасці на дыпламатычным фронце, што і прывяло да гэтага выніку. Прыклад з вяртаннем амбасадара ЗША паказвае, наколькі дэструктыўную ролю грае палітычны раскол беларускага грамадства.
Вяртанне амбасадара ЗША – справа не аднаго дня. Адмыслоўцы сцвяржаюць, што на ўсе мерапрыемствы спатрэбіцца каля 1 года, калі, вядома, не здарыцца нічога надзвычайнага.