Чаму ў Беларусі не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі?
30 мая споўнілася роўна два гады пасля затрымання гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага ў Гародні. Тады ўся краіна ў рэжыме анлайн мела магчымасць назіраць за няўклюднай правакацыяй уладаахоўных органаў на пікеце па зборы подпісаў, у выніку якой стваральнік папулярнага апазіцыйнага ютуб-канала апынуўся за кратамі. Менавіта гэты дзень можна лічыць сімвалічным пунктам адліку новай хвалі рэпрэсій у дачыненні да беларускага грамадства, асаблівасцю якой з’яўляецца нечуваны раней маштаб пераследу грамадзянаў за іх крытычнае стаўленне да ўлады.
Палітычны рэжым у Беларусі і да 2020 года быў адным з найбольш жорсткіх у Еўропе. Аднак пасля апошніх так званых выбараў прэзідэнта ўлада ў сваіх рэпрэсіўных практыках увогуле выйшла на новы ўзровень. З улікам негатыўных тэндэнцый з правамі чалавека ў Беларусі з моманту арышта Сяргея Ціханоўскага можна пачынаць гаварыць пра тое, што тутэйшы аўтарытарызм пачаў імкліва афармляцца ў таталітарную сістэму. Сыходзячы з унутранай логікі таталітарызму, рэжым уступае ў фазу, калі ягонае існаванне наўпрост залежыць ад падтрымання пастаянна высокага градусу рэпрэсій. Гэта, уласна кажучы, і ёсць адказ на пытанне “Калі спыняцца рэпрэсіі?”
Жыццё ў Беларусі не можа вярнуцца ў ранейшую каляіну (у сітуацыю да 2020 года) па некалькіх прычынах. Па-першае, колькасць дыктатарскіх правак у заканадаўства, а таксама штодзённыя зводкі пра затрыманні апанентаў улады ці чарговыя навіны пра пагромы незалежных асяродкаў, паказваюць, што непрыманне метадаў улады з боку насельніцтва нікуды не падзелася. Супраціў незадаволеных масаў улады спрабуюць зламаць з дапамогай праверанага сродку – страху. Па-другое, сітуацыяй палітычнага крызісу і сумнеўнай легітымнасцю ўладаў карыстаюцца напоўніцу беларусафобы ў органах бяспекі і ў ідэалагічнай вертыкалі, якія таксама накручваюць спіраль нянавісці ў дачыненні да беларускіх патрыётаў і намагаюцца зачысціць раз і назаўжды палітычнае поле ад сваіх ідэйных супернікаў. Менавіта гэтым можна патлумачыць апантанасць розных сілавых структур у змаганні з суб’ектамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія, на іх думку, з’яўляюцца магчымымі актарамі вестэрнізацыі краіны. З пачаткам вайны ва Украіне ў рэжыма з’явілася яшчэ адна падстава для “закручвання гаек”. Калі на першай стадыі так званай “спецаперацыі” пераслед удзельнікаў антываеннага руху тлумачыўся дэманстрацыяй падтрымкі дзеянняў РФ, то цяпер, калі вайна пайшла яўна не па сцэнары Масквы, імкненне дадаткова пераследваць грамадзянаў з выразнай антываеннай пазіцыяй абумоўленае тым, што адным з прагназаваных наступстваў паразы РФ стане палітычная дэстабілізацыя ў Беларусі. Улада, разумеючы гэта, дзейнічае прэвентыўна, загадзя імкнучыся зачысціць патэнцыйныя асяродкі супраціву.