Чаму ўлада пайшла на абмежаванне выбарчых правоў суайчыннікаў?



У Беларусі завяршыўся этап фармавання выбарчых участкаў для галасавання на так званым рэферэндуме. З афіцыйных паведамленняў вынікае, што на тэрыторыі краіны будзе ўтворана на 213 участкаў менш, чымся падчас выбараў 2020 году. Змяненне колькасці выбарчых участкаў абумоўлена “змяншэннем колькасці жыхароў сельскай мясцовасці, а таксама аб’яднаннем малаколькасных участкаў у больш буйныя”. Але не гэтае паведамленне ўзарвала сацыяльныя сеткі. Беларускія інтэрнаўты актыўна абмяркоўваюць тое, што беларусам замежжа фактычна адмовілі ў выбарчым праве. Згодна афіцыйнай інфармацыі, на базе замежных дыпламатычных пляцовак не будуць адкрываць участкі для галасавання. Тлумачаць такое рашэнне Міністэрства замежных справаў, як звычайна, эпідэміялагічнай сітуацыяй, што гучыць смешна, улічваючы тое, што многія еўрапейскія краіны адмаўляюцца ад жорсткіх санітарных абмежаванняў, уведзеных у папярэднія хвалі распаўсюду каронавірусу. Яшчэ сярод прычын адмовы ад галасавання за мяжой называецца “немагчымасць забяспечыць дастатковы ўзровень бяспекі пры арганізацыі галасавання, а таксама адсутнасць неабходнай колькасці грамадзян на консульскім уліку”. Словам, прыводзяцца вельмі непераканаўчыя аргументы, да якіх немагчыма сур’ёзна ставіцца. У сухой рэшце — прамая адмова дзяржавы выконваць свае абавязкі па забеспячэнні канстытуцыйных правоў людзей з беларускім грамадзянствам, якія, нават знаходзячыся за мяжой, маюць тыя ж самыя правы, што і беларусы ўнутры краіны.

Чаму насамрэч улада адмовілася праводзіць выбары за мяжой падчас так званага рэферэндума? Адказаў на гэтае пытанне некалькі. Па-першае, выбары для замежных беларусаў арганізоўваюць супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў — да нядаўняга часу самага ліберальнага міністэрства ў структуры беларускага ўраду. Выглядае на тое, што, нягледзячы на кадравыя чысткі, кіраўніцтва краіны дагэтуль не перакананае ў дастатковай лаяльнасці некаторых дыпламатаў, якія і гэтым разам маглі б забяспечыць сумленны падлік галасоў альбо ўвогуле, як некаторыя паслы, публічна выказаць нязгоду. Па-другое, пасля 2020 года за мяжой Беларусі, паводле розных падлікаў, апынулася да некалькіх сотняў тысяч чалавек, абсалютная большасць з якіх, без усялякага сумневу, не з’яўляюцца прыхільнікамі ўлады. Нават да пачатку апошняй хвалі масавай эміграцыі беларусы замежжа (на тых участках, дзе вёўся паралельны падлік) прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую і ладзілі каля дыппрадстаўніцтваў масавыя і яркія акцыі пратэсту. Цалкам прадказальна, што новае галасаванне магло б мабілізаваць непадкантрольныя ўладам дыяспары на пратэсты, якія б прыцягнулі ўвагу ўсяго свету да праблемаў з дэмакратыяй у Беларусі. Па-трэцяе, нельга выключаць матыў дробнай помсты ўладаў суайчыннікам замежжа, якія, у адрозненне ад беларусаў унутры краіны, знаходзяцца па-за зонай дасягу ўладаахоўных органаў і могуць смела сябе паводзіць у плане грамадзянскага самавыяўлення.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ