Чаму ўлады Беларусі абралі курс на неасаветызм?



2022 год у Беларусі з ініцыятывы афіцыйнага кіраўніцтва дзяржавы праходзіць пад знакам “Года гістарычнай памяці”. Калі праводзіць аналогію з мінулым 2021, які называўся “Годам еднасці”, аднак на справе запомніўся пагромам незалежных беларускіх асяродкаў, то перспектывы для апанентаў беларускага рэжыму трывожныя. Ужо ў першы дзень новага, 2022-га году, Рэспубліка Беларусь нагадала пра сур’ёзнасць сваіх намераў у справе ідэалагічнага змагання з прыхільнікамі пераменаў. Гаворка ідзе пра асуджэнне акцыі ўкраінскіх нацыяналістаў у Кіеве 1 студзеня, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай палітычнай эміграцыі з нацыянальнай сімволікай у руках. На сайце пасольства Беларусі ў Кіеве з’явілася заява з асуджэннем “маўклівага патурання ўладамі Украіны масавага ўдзелу актывістаў беглай беларускай экстрэмісцкай апазіцыі пад сімволікай беларускіх калабарацыяністаў і прыслужнікаў Трэцяга Рэйха ў нацыяналістычным маршы”. Адпаведная нота была адпраўленая ў МЗС Украіны. Агрэсіўныя фармулёўкі, роўна як і высокі статус дыпмісіі, указваюць на тое, што гэтая акцыя — пачатак сістэмнай работы па выкараненні з масавага выкарыстання папулярных нацыянальных сімвалаў.

Такім чынам, мы бачым, што дзяржава актывізавала свае высілкі на фронце змагання з альтэрнатыўнымі беларускімі сімваламі, якія натуральным чынам сталі сваімі для апанентаў улады ў 2020 годзе. У аснове змагання, калі аналізаваць шматлікія паведамленні прапагандысцкіх каналаў і СМІ, ляжыць не банальнае жаданне захаваць уладу (гэта было б надта просталінейна), колькі імкненне перамагчы носьбітаў іншага светапогляду, якіх з лёгкай рукі ўлады суадносяць ледзьве не з “нашчадкамі нацыстоўскіх злачынцаў і паліцаяў”. З гэтай жа мэтай у так званым праекце Канстытуцыі замацаваны пункт пра тое, што дзяржава “захоўвае гістарычную праўду і памяць пра гераічны подзвіг беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Падобны падыход дазваляе ўладзе максімальна мабілізаваць дэмаралізаваных прыхільнікаў пад заклікам “крыжовага паходу” супраць часткі народу, які выступіў у 2020 годзе масава пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”.

Па сутнасці, мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі абвешчана татальная вайна несавецкай беларускай традыцыі, сімваламі якой якраз і з’яўляюцца бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. У фармулёўцы пасольства ў Кіеве мы бачым, як “дыпламаты” займаюцца падменай паняткаў, ставячы знак роўнасці паміж антыкамуністычнай ідэалогіяй беларускіх нацыяналістаў і антыбеларускімі дзеяннямі нацыстаў на тэрыторыі Беларусі ў гады ІІ Сусветнай вайны. Гэта азначае, што менавіта ў беларускім нацыянальным праекце, найбольш яскравымі сімваламі якога з’яўляецца пратэстовая сімволіка, што абапіраецца на несавецкую традыцыю БНР і першых гадоў незалежнасці Беларусі, улада бачыць асноўную пагрозу свайму існаванню. Адпаведна, новы этап змагання з нацыянальнымі сімваламі ёсць прыкметай крышталізацыі беларускай версіі неасаветызму, які закліканы запоўніць вакуум афіцыйнай ідэалогіі. Адпаведна, у 2022 годзе чакаецца далейшае паглыбленне канфлікту паміж уладай (апалагетамі неасаветызму) і грамадствам, якое ўсё больш прасякаецца ідэямі беларускага нацыянальнага руху.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ