Чаму ўзбунтавалася Інгушэція?



Цягам усяго постсавецкага перыяду ўлады Расеі не надта імкнуліся забяспечыць умовы для стварэння сапраўднай федэрацыі раўнапраўных суб’ектаў. Калі ў пачатку 1990-х гадоў цэнтральная ўлада не мела магчымасцяў для сілавога і фінансавага кантролю рэгіёнаў, у самой Расеі ледзьве не пачаўся “парад суверэнітэтаў”. Найбольш яскравы прыклад – Чачэнія часоў Джахара Дудаева. Інтэнцыя чачэнцаў да дзяржаўнага суверэнітэту была задушаная танкамі.

У наступныя дзесяцігоддзі, калі да ўлады ў РФ прыйшлі прадстаўнікі спецслужбаў на чале з Уладзімірам Пуціным, уся канструкцыя дзяржавы трымалася на метадзе “бізуна і перніка”. Для паслухмяных – пернік, усім астатнім – бізун. Лепей за ўсіх новыя павевы ўнутранай палітыкі зразумелі ў Чачэніі. Гэтая рэспубліка цягам многіх гадоў уваходзіць у пяцёрку рэгіёнаў, якія атрымліваюць самыя вялікія датацыі. Паводле дадзеных rbc.ru, у 2017 годзе прыбыткі бюджэта Чачэніі на 84% складваюцца з бязвыплатных паступленняў з цэнтра. За перыяд кіравання Чачэніяй Рамзана Кадырава гэтыя сродкі пайшлі на аднаўленне гарадоў пасля вайны, развіццё інфраструктуры, сілавікоў і гэтак далей. Датацый хапіла таксама на газіфікацыю некаторых раёнаў і пабудову дарожнай сеткі. Прычым з нядаўняга часу Чачэнія актыўна засвойвае цяжкадаступныя раёны Інгушэціі. Гэтая праца завяршылася цалкам заканамерным падпісаннем пагаднення аб межах Чачэніі і Інгушэціі, у выніку чаго гэтыя рэспублікі абмяняліся тэрыторыямі. Адметна, што пагадненне гэтае рыхтавалася ва ўмовах сакрэтнасці і ў паскораным рэжыме. Але подпісы пад дакументам кіраўнікоў двух федэральных суб’ектаў не вырашылі пытання. Як толькі інфармацыя пра перадачу тэрыторый Інгушэціі выйшла на паверхню, у гэтай рэспубліцы пачаліся хваляванні. Дайшло да таго, што 4 кастрычніка ў сталіцы Інгушэціі Магасе сабраліся на мітынг да 10 тысяч чалавек. Гэта пры тым, што ў горадзе стала пражываюць менш за 9 тысяч чалавек. Каб зразумець маштаб пратэсту, можна ўявіць, што на акцыю ў Беларусі выйшла больш за 2 мільёны жыхароў Менска альбо каля 600 тысяч гомельцаў.

Супакойваць раззлаваны натоўп выйшаў кіраўнік Інгушэціі Юнус-Бек Еўкураў, які ўзначальвае рэспубліку з 2008 года. Ягонае з’яўленне людзі сустрэлі свістам і шпурляннем бутэлек. У адказ ахова Еўкурава пачала страляць у паветра. У Магас тым часам былі ўведзеныя часткі Расейскай Нацгвардыі.

Пратэстоўцы агучылі тры патрабаванні да ўладаў: правядзенне пазачарговага сходу дэпутатаў Нацыянальнага сходу аб усталяванні межаў паміж Чачэніяй і Інгушэціяй, правядзенне рэферэндуму па пытанні межаў і адстаўка Еўкурава. Цікава, што сілавікі абыходзіліся з пратэстоўцамі максімальна карэктна, чаго, напрыклад, не было падчас акцый расейскай апазіцыі альбо прыхільнікаў Навальнага. Можна меркаваць, што такія паводзіны праваахоўнікаў былі абумоўленыя ўстаноўкамі з Крамля, дзе разумеюць, што пратэстоўцаў падтрымлівае практычна ўсё насельніцтва Інгушэціі. Паводле інфармацыі інгушскіх журналістаў і праваабаронцаў, лідары тэйпаў ужо выставілі ўльтыматум Еўкураву і дэпутатам, якія пагадзіліся перадаць Чачэніі шэраг тэрыторый.

На гэтым фоне цікавая рэакцыя Рамзана Кадырава, які ў адмысловым звароце на падкантрольным яму тэлеканале заявіў: “Калі ваяваць, то мяне і гэта задавальняе”. І хоць многія інгушы ўспрынялі такія выказванні кіраўніка Чачэніі ў свой бок, але хутчэй за ўсё Рамзан усё-такі меў на ўвазе сваіх шматлікіх інтэрнэт-крытыкаў.

Увогуле кейс “чачэна-інгушскага” канфлікта цікавы тым, што гэтыя два рэгіёны, з’яўляючыся часткай Расеі, не могуць дамовіцца адносна адміністрацыйных межаў. На паверхні тут – незадаволенасць інгушоў сваім кіраўніком Еўкуравым, а ў глыбіні – прыхаваныя міжэтнічныя і тэрытарыяльныя канфлікты, характэрныя для Паўночнага Каўказа. РФ дзесяцігоддзямі не вырашала праблемы рэгіёнаў, напампоўваючы іх грашовымі паступленнямі, але ў выніку прыйшла да сітуацыі пачатку 1990-х гадоў, калі краіна была фактычна ў адным кроку ад распаду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ