Чаму відэаблогер змог атрымаць падтрымку сярод грамадзян?



Гомельскі відэаблогер Сяргей Ціханоўскі заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Ён раскрыў свае планы ў роліку, запісаным напярэдадні затрымання міліцыянтамі. Да гэтага рэзананснага відэа некалькі дзён запар Сяргея Ціханоўскага спрабавалі затрымаць праваахоўнікі, што зафіксавана ў некалькіх стрымах з розных рэгіёнаў. Апошнім месцам, дзе ён меўся сустрэцца з прыхільнікамі, быў Магілёў. У дадзены момант месцазнаходжанне заснавальніка папулярнага ютуб-канала “Краіна для жыцця” невядомае, але, хутчэй за ўсё, яго этапавалі ў Гомель, дзе і будуць судзіць па адной з распачатых раней адміністрацыйных справаў.

Заява Ціханоўскага пра намер заняць прэзідэнцкую пасаду здзівіла тых, хто не сачыў за беларускай палітыкай апошнія некалькі месяцаў, а таксама сталічных тусоўшчыкаў. Калі з першымі ўсё зразумела, то адносна іншых можна сказаць, што, каб стаць палітычным лідарам, не трэба мяняць прапіску з рэгіёнаў на сталічную. У крызісны момант, у якім, безумоўна, апынулася Беларусь, пальма пяршынства дастанецца чалавеку мужнаму і здольнаму весці арганізацыйную працу. Гэтымі дзвюма якасцямі, безумоўна, валодае Сяргей Ціханоўскі. Пачынаў ён свой шлях як прадпрымальнік, якому не далі рэалізаваць бізнес-ідэю ў правінцыі, а потым пераключыў свае ўменні на стварэнне відэа. Аказалася, што ў гэтым ён вялікі профі. З нуля за год ён стварыў надзвычай папулярны ютуб-канал “Краіна для жыцця”, які сумарна больш глядзіць беларусаў, чым большасць незалежных СМІ. На гэтым канале ў асноўным выкладаюцца відэаролікі на сацыяльна-палітычную тэматыку. Героямі шматлікіх рэпартажаў з’яўляюцца шараговыя беларусы, якія стаміліся ад гаспадарчай нядбайнасці, прававога бязмежжа і адсутнасці перспектываў. У прынцыпе, у рыторыцы і паводзінах Сяргея Ціханоўскага няма нічога новага – прыблізна так сябе паводзіць палова вядомых апазіцыянераў чвэрць стагоддзя. У чым жа яго феномен? Актыўнасць гэтага чалавека прыпала на маштабны гаспадарчы крызіс, канфлікт паміж Масквой і Менскам, эпідэмію каронавірусу і бум інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Менавіта гэты кактэйль з перадумоваў і забяспечыў цікавасць беларусаў да ягонай відэапрадукцыі. Дадамо яшчэ прэзентабельны выгляд чалавека, які падобны на купца пачатку ХХ стагоддзя, і ягоную афлайн-дзейнасць (крэатыўныя пратэстныя акцыі і агітацыйная тэлестудыя на колах).

Прадуманая палітычная кампанія блогера і ўдалае пазіцыянаванне дазволіла яму заручыцца падтрымкай пратэстнага электарату. Многія апалітычныя беларусы раптам сталі выдзяляць час на тое, каб правесці вечар, праглядаючы новыя відэаролікі Сяргея Ціханоўскага. Больш за тое, на фоне пандэміі каронавірусу ў Беларусі толькі два палітыкі працягнулі сваю актыўнасць: Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Ціханоўскі. Інакш кажучы, нечакана на гарызонце беларускай палітыкі з’явіўся нечакана нязручны цяжкавагавік, які даставіць па-любому шмат непрыемнасцяў як уладам, так і канкурэнтам з апазіцыйнага лагеру.

Чаму ягонае вылучэнне выклікае неадназначную рэакцыю ў часткі беларускага грамадства, якое традыцыйна падтрымлівае дэмакратычны выбар? Па-першае, у многіх беларусаў з’яўляюцца абгрунтаваныя пытанні наконт няяснай ідэалогіі Сяргея Ціханоўскага, які не з’яўляецца сябрам вядомых палітычных партый і рухаў. Адпаведна, невядома, што ад яго насамрэч можна чакаць у выпадку гіпатэтычнай перамогі. Па-другое, грамадзянаў таксама непакоіць аспект магчымай сувязі гэтага прэтэндэнта з расейскімі сіламі, хоць Сяргей Ціханоўскі неаднаразова на мітынгах выступаў за незалежнасць Беларусі. Дарэчы, адміністрацыйны пераслед гэтага блогера якраз і абумоўлены ягоным удзелам у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі, якія адбываліся ў канцы 2019 – пачатку 2020 года. У любым разе ўсе прэтэнзіі да гэтага чалавека носяць бяздоказны характар, ён пакуль што не перакрочыў чырвоных ліній, якія б дазволілі яго аднесці да катэгорыі антыбеларускіх і антыдэмакратычных кандыдатаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ