Чаму за турэцкімі выбарамі варта сачыць жыхарам нашага рэгіёна?
У Турцыі разыгралася сапраўдная драма па выніках апошніх мясцовых выбараў. Упершыню за чвэрць стагоддзя кіруючая Партыя справядлівасці і развіцця прайграла ў некалькіх буйных гарадах краіны, у тым ліку ў сталіцы Анкары. Аднак найбольш сур’ёзныя электаральныя баталіі адбыліся ў 17-мільённым Стамбуле, дзе з невялікім адрывам у 0,3% перамог апазіцыйны палітык Экрэм Імамаглу. Каб зразумець эпахальнасць падзеі, прывядзем нязменны слоган многіх выбарчых кампаній цяперашняга прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана: “Каб перамагчы ў Стамбуле, трэба перамагчы ў Турцыі”. Інакш кажучы, перамога апазіцыйнага кандыдата ў самым важным горадзе Турэччыны змяншае перспектывы пераабрання Эрдагана на прэзідэнцкіх выбарах у 2023 годзе. Дарэчы, сам Эрдаган пачаў свае першыя крокі ў вялікай палітыцы менавіта з таго, што ў далёкім 1994 годзе стаў мэрам Стамбула.
Перамогу левацэнтрыстам з Народна-рэспубліканскай партыі ў Стамбуле забяспечылі некалькі фактараў. Па-першае, незадаволенасць насельніцтва станам справаў у эканоміцы. Пасля 18 гадоў росту турэцкая гаспадарка ўвайшла ў фазу рэцэсіі, што на сабе адчулі ўсе катэгорыі грамадзян (узровень беспрацоўя дасягнуў 11%, цэны на прадукты харчавання выраслі на 30%, а турэцкая ліра абясцэнілася на 28%). Каб падкупіць прыхільнасць выбарцаў з незабяспечаных сем’яў, прэзідэнт Рэджэп Эрдаган загадаў штучным чынам панізіць кошты на прадукты харчавання. Нягледзячы на гэта, стамбульскія выбарцы ўсё больш глядзяць у бок апанентаў улады. Па-другое, вялікая колькасць жыхароў Стамбула, якія адносяцца да сярэдняга класу і маюць добрую адукацыю, стаміліся ад ісламізацыі турэцкага жыцця. Жыхары вялікіх гарадоў дагэтуль не ачомаліся ад маштабных рэпрэсій пасля так званай “спробы ваеннага перавароту” 2016 года, у выніку чаго пацярпелі сотні тысяч чалавек, дзясяткі тысяч прайшлі допыты і турмы. У такім разе галасаванне многіх грамадзян за альтэрнатыву дзейнаму кіраўніку дзяржавы – гэта пратэст супраць аўтарытарных схільнасцей Рэджэпа Эрдагана. Грамадзяне гатовыя галасаваць за апазіцыю, паколькі стаміліся ад таго, што адзін і той жа чалавек з 2003 года знаходзіцца на кіруючых пасадах у дзяржаве. Па-трэцяе, супраць Эрдагана адзіным фронтам выступаюць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Турэцкія хрысціяне, напрыклад, занепакоеныя агрэсіўнай ісламізацыяй. У якасці ілюстрацыі можна прывесці нядаўні скандал з выказваннем Эрдагана адносна таго, што сабор Святой Сафіі трэба канчаткова перарабіць на мячэт, адмовіцца ад музейнага статуса. Супраць Партыі справядлівасці і развіцця выступаюць таксама прадстаўнікі курдскага народу. Гэта і не дзіўна, бо на мітынгах праўладнай партыі часта гучаць заклікі вырашыць курдскае пытанне.
І вось апошняя навіна: 6 траўня ЦВК Турцыі адмяніла вынікі выбараў у Стамбуле, прызначыўшы новую дату галасавання. Лёгка прагназаваць, што такія дзеянні ўлады радыкалізуюць настроі апазіцыйнай часткі турэцкага грамадства. Заходнія краіны будуць разглядаць такі працэс як праяву згортвання дэмакратыі, што і так паступова адбываецца пры рэжыме Рэджэпа Эрдагана.
Для жыхароў нашай часткі планеты сачэнне за сітуацыяй у адной з найбольш уплывовых краін Чарнаморскага рэгіёна важнае з геапалітычнага гледзішча. У гэты момант Турцыя, фармальна з’яўляючыся саюзнікам Захада, імкнецца набліжацца да Расеі і Ірана. Менавіта пры прэзідэнце Рэджэпе Эрдагане Турэччына рэалізуе супольна з Расеяй праект падачы газа праз газаправод “Турэцкі паток”. У сакавіку 2019 года турэцкі міністр абароны заявіў, што ягоная краіна намераная закупіць комплексы С-400. Хоць мясцовыя выбары, у выніку якіх Эрдаган пацярпеў паразу ў ключавых гарадах, не ўплываюць на міжнародныя адносіны Турцыі з іншымі геапалітычнымі гульцамі, але паказваюць, у якім напрамку развіваецца сітуацыя. З прыходам да ўлады кемалістаў з апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі Маскве давядзецца надоўга развітацца са сваімі праектамі ў Турцыі. А гэта значыць, яшчэ на адзін рычаг ціску на Крэмль у Захада паболее.