Чарговая непаслядоўнасць знешняй палітыкі ЗША



Турэцкая ваенная аперацыя ў населеных курдамі прыпамежных рэгіёнах Сірыі стала магчымай пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў вывесці адтуль амерыканскія войскі. Колькасць вайсковых спецыялістаў ЗША на той тэрыторыі была збольшага сімвалічнай, але сам факт іх прысутнасці гарантаваў вайсковаму альянсу “Дэмакратычныя сілы Сірыі” абарону ад агрэсіўных намераў Турцыі. Традыцыйна Анкара бачыць у курдскіх атрадах народнай самаабароны тэрарыстаў, якія падтрымліваюць сепаратысцкі рух турэцкіх курдаў. Вышэйшае кіраўніцтва Турцыі даўно выношвала планы на тое, каб стварыць так званую бяспечную зону ўздоўж сірыйска-турэцкай мяжы з кантраляванай паласой у 32 км углыб Сірыі. Такія намеры наўрад ці б споўніліся, каб не нечаканы сыход амерыканцаў з курдскай аўтаноміі Рожава, які камандзіры курдскага апалчэння назвалі “здрадай”. Сапраўды, цягам усёй вайны з экстрэмісцкім фармаваннем Ісламская дзяржава курды плячо ў плячо ваявалі разам з амерыканскімі спецыялістамі, былі ядром “Дэмакратычных сілаў Сірыі”. Але ўвадначассе засталіся сам насам з магутнай арміяй Турэччыны.

Прэзідэнт Дональд Трамп, заявіўшы ў адным з твітар-паведамленняў пра “самую вялікую памылку ў гісторыі ЗША” (мелася на ўвазе ўцягванне амерыканскай арміі ў вайсковы канфлікт на Бліжнім Усходзе), пацвердзіў свой ранейшы курс на неаізаляцыянізм. Згодна гэтай дактрыне, ЗША мусяць найперш сканцэнтравацца на вырашэнні ўнутраных пытанняў, захоўваючы нейтралітэт у найбольш вострых вайсковых канфліктах сучаснасці. Тое, што многія эксперты лічаць паваротнай падзеяй, насамрэч даволі тыповая з’ява ў амерыканскай знешняй палітыцы, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя. Пасля перыяду экспансіі ЗША і прэтэнзій на глабальнае лідарства прыходзіць этап адмовы амерыканскіх эліт ад такога падыходу. Пасля І Сусветнай вайны, дзе армія ЗША ваявала на баку Антанты, курс адміністрацыі прэзідэнта Вільсана быў згорнуты палітычнымі і дзелавымі коламі. Пазней, у 1930-я гады, у ЗША нават былі прынятыя шэраг законаў, якія замацоўвалі ізаляцыянісцкія тэндэнцыі. І толькі напад японскай арміі на ціхаакіянскую базу ЗША Перл-Харбар у снежні 1941 года дазволіў тагачаснаму прэзідэнту Рузвельту скасаваць закон аб нейтралітэце і ўступіць ў вайну на баку саюзных войскаў. Ад таго часу архітэктуру сучаснага светапарадку ўявіць без вызначальнай ролі ЗША немагчыма.

Пасля падзення СССР некаторыя краіны былога сацлагера, каб умацаваць сваю незалежнасць, рабілі стаўку на супрацу з ЗША. І гэта было апраўдана, бо толькі гэтая дзяржава на справе была гатовая і мела на тое патэнцыял падключыць дыпламатыю і, калі трэба, ваенную машыну. Адным з паслядоўных саюзнікаў ЗША ў Цэнтральнай Еўропе сталася Польшча. Для палякаў, узрадаваных нядаўна ўсталяваннем бязвізавага рэжыму з ЗША, навіна пра адмову ад абавязальніцтваў Вашынгтона ў дачыненні да сваіх курдскіх саюзнікаў стала халодным душам. Няўпэўненасць палякаў у правільнасці знешнепалітычнай лініі, якая выбудоўвалася дзесяцігоддзямі, падмацоўваецца трагічным досведам ХХ стагоддзя, калі інтарэсы Польшчы не адзін раз здраджваліся заходнімі дзяржавамі. Непаслядоўнасць амерыканскай знешняй палітыкі, якую дэманструе адміністрацыя Дональда Трампа, прымушае палякаў і іншыя народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы больш цвяроза падыходзіць да пытання міру і бяспекі на кантыненце і пераадольваць супярэчнасці паміж дзяржавамі-сябрамі ЕЗ. А гэта, зрэшты, не так ужо і дрэнна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ