Чарговы яблык разладу



Правадыры паўстання 1863-1864 гг, сярод якіх нацыянальны герой Беларусі Канстанцін Каліноўскі, знойдуць апошні спачын у адрэстаўраванай каплічцы на могілках Росы. З гэтай нагоды нават будзе ўсталяваны помнік. Паводле паведамленняў у СМІ, надпісы на гэтым помніку будуць на двух мовах: на польскай і на сучаснай літоўскай. І вось вакол гэтага пытання якраз узняліся нежартоўныя жарсці. Прадстаўнікі беларускай грамадскасці, даведаўшыся пра тое, што на помніку паўстанцам не будзе беларускай мовы, вядома, абурыліся.

Беларуская мова – неад’емны атрыбут таго паўстання, паколькі адно з найбольш радыкальных агітацыйных выданняў інсургентаў выходзіла на беларускай мове. Даследчыкі дагэтуль спрачаюцца, хто з’яўляўся ідэолагам стварэння беларускай газеты “Мужыцкая праўда” і якія мэты пераследавалі аўтары. Ёсць меркаванне, што беларуская мова “Мужыцкай праўды” – гэта заслуга не столькі Канстанціна Каліноўскага, колькі ягонага паплечніка Фелікса Ражанскага, які, паводле сведчанняў сучаснікаў, друкаваў у падпольнай друкарні Вялікай Бераставіцы звароты да жыхароў былога ВкЛ на зразумелай ім мове. Крытыкі Кастуся Каліноўскага сцвярджаюць, што лідар паўстання выкарыстоўваў моўны фактар выключна ў прапагандысцкіх мэтах, каб схіліць на свой бок сялянскія масы. Разам з тым, як бы не шчыравалі ідэйныя нашчадкі Мураўёва-вешальніка, у гэтай пазіцыі няма крыўдных для нас высноваў. Калі паўстанцкія кіраўнікі бачылі мэтазгоднасць у выкарыстанні беларускай мовы, значыць, яны цудоўна ўсведамлялі, які эфект гэта можа выклікаць у працэсе арганізацыі вызвольнага паўстання. Вядомы факт, што Кастусь Каліноўскі бачыў перспектывы сваёй барацьбы толькі ў выпадку далучэння да змагання шляхты і сялян. Атрымліваецца, прадстаўнікі гэтых двух класаў цудоўна валодалі беларускай мовай, якая, дарэчы, не надта адрозніваецца ад цяперашняй літаратурнай. Так ці інакш, сучасныя беларусы маюць, дзякуючы Каліноўскаму і Ражанскаму, помнікі пісьмовасці, прычым напісаныя беларускай лацінкай. А палітолагі і гісторыкі яшчэ будуць доўга аналізаваць змест напісанага ў “Мужыцкай праўдзе”, якая фактычна стала падмуркам нацыянальнага палітычнага праекту беларусаў, што рэалізаваўся ў выніку драматычных падзей ХХ стагоддзя. Такім чынам, адсутнасць беларускамоўнай версіі на помніку паўстанцам Каліноўскага – прыкрая для беларусаў справа. Гэта паказвае, што сучасныя літоўскі і польскі наратывы цалкам самадастатковыя, могуць абысціся без знакаў нашай прысутнасці.

Зрэшты, сітуацыя з ігнараваннем беларускай мовы на помніку паўстанцам абумоўленая таксама і палітычнымі чыннікамі. У цяперашні час Літву і Беларусь цяжка назваць дзяржавамі, якія маюць добрасуседскія адносіны. Прычын гэтаму некалькі: і рознаскіраваныя вектары знешняй палітыкі, і розныя мадэлі эканомік, і страх літоўскіх эліт перад беларускім гістарычным рэвізіянізмам. Зрэшты, палітыку беларускай дзяржавы ў дачыненні да Літвы таксама характарызуе ігнараванне інтарэсаў суседзяў. Нягледзячы на пратэсты літоўскага боку, Беларусь дабудоўвае Астравецкую АЭС, размешчаную прама на беларуска-літоўскім памежжы, непадалёку ад Вільні. Зусім не дзіўна, што ў выніку ўсіх пералічаных непаразуменняў літоўскае насельніцтва бачыць у беларусах прамую пагрозу, што паказваюць шматлікія сацыялагічныя даследаванні. І ўвогуле, можна колькі заўгодна абурацца падступнымі дзеяннямі нашых суседзяў, але такая пазіцыя выглядае досыць эксцэнтрычна для жыхароў дзяржавы, якія церпяць у сябе дома помнікі бальшавіцкім забойцам і вывучаюць гісторыю па кнігах, у якіх паўстанне Каліноўскага называюць польскім. Калі вернем самапавагу сабе ў Беларусі, глядзіш, тады і суседзі нас запаважаюць. А тады і на помніках супольным героям не будуць забываць беларускамоўныя надпісы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ