Чарговыя праўкі ў дэкрэт “Аб дармаедах”



На сайце Нацыянальнага прававога парталу з’явілася свежая Пастанова Рады міністраў, у якой у “стопяццоты” раз унесеныя праўкі ў адыёзны Дэкрэт “Аб дармаедах”. У дакуменце – пералік некалькіх катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты неканстытуцыйнага збору. З базы дармаедаў выкрэсліваюцца заснавальнікі і ўласнікі маёмасці камерцыйных арганізацый, сужэнцы дыпламатаў, шпіталізаваныя людзі з псіхічнымі хваробамі, маладыя бацькі з дзецьмі да 7 гадоў і гэтак далей. Сам факт распрацоўкі гэтай пастановы паказвае, што ўлады спрабуюць выйсці з тупіковай сітуацыі, у якую самі сябе загналі. Але задача ўскладняецца няпростай дылемай. Скасуеш дэкрэт – пакажаш сваю слабасць перад грамадствам і вертыкаллю, што для цяперашняга кіраўніцтва недапушчальна. Не адменіш – можаш апынуцца на ўзбочыне гісторыі. Таму і мучаюцца чыноўнікі, спрабуючы неяк выкруціцца з дапамогай дадатковых правак.

Дэкрэт “Аб дармаедстве” – гэта прававы нонсенс, які немагчыма ўявіць у цывілізаваных краінах у ХХІ стагоддзі. Па сутнасці, гэты прававы акт – своеасаблівая варыяцыя падатку на беднасць, які неаднаразова спрабавалі ўводзіць еўрапейскія манархі некалькі сотняў гадоў таму назад. Усе гэтыя спробы, як правіла, сканчваліся народнымі бунтамі. І Беларусь, як паказалі падзеі 2017 года, гэтаму не выключэнне. Тады інстынкт самазахавання падказаў уладам, што трэба тэрмінова ўводзіць мараторый, каб не здарылася чагосьці незваротнага. Але выглядае на тое, што некаторыя таварышы да канца так і не зразумелі, што падобныя дэкрэты толькі падрываюць асновы дзяржаўнасці, пазбаўляюць уладныя інстытуцыі мінімальнай легітымнасці, выштурхоўваюць грамадства на сцяжыну супрацьстаяння з дзяржавай. Наяўны дэкрэт супярэчыць не толькі логіцы, нацыянальнаму заканадаўству, але і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, робіць нашую краіну ізгоем у вачах замежнікаў.

Увогуле зашываць дзіркі ў бюджэце за кошт найбяднейшых слаёў насельніцтва – дзіўнаватае ноў-хаў. Гэта тое самае як камплектаваць нацыянальную зборную па хакеі з ліку бязногіх і бязрукіх людзей. Адна з задач дзяржавы якраз заключаецца ў рэалізацыі прынцыпа салідарнасці, калі найбольш паспяховыя могуць працягнуць руку дапамогі праблемным грамадзянам. Толькі ў гэтым выпадку дзяржава можа пазбегнуць статуса failed state.

Ідэолагі стварэння Дэкрэта “Аб дармаедах” часта публічна абгрунтоўваюць неабходнасць у гэтым дакуменце тым, што сярод беларусаў шмат алкаголікаў і іншых асацыяльных элементаў, якія сядзяць на шыі дзяржавы. У якасці выхаду з сітуацыі прапаноўваецца геніяльныя рашэнні: падатковая пятля і прымусовая праца. Аднойчы размаўляў на гэтую тэму з польскай прыяцельніцай. Дзяўчына заўважыла, што пагалоўнае п’янства сярод беларусаў – гэта не такая ўжо ўнікальная з’ява. У канцы 1980-х-пачатку 1990-х палякі таксама пілі алкаголь у страшных аб’ёмах. Старэйшыя пакаленні памятаюць, гісторыі масавых атручванняў спіртам “Раяль” і рознымі іншымі сумнеўнымі вадкасцямі. Але праблема алкагалізацыі насельніцтва вырашылася сама сабой, калі ў Польшчы ўсталявалася рынкавая эканоміка, а грамадзяне нарэшце атрымалі магчымасць добра зарабляць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ