“Чорны аўторак” беларускай прэсы



18 траўня 2021 года дакладна ўвойдзе ў гісторыю Беларусі. Улады атакавалі найбуйнейшы незалежны партал TUT.BY і іншыя інтэрнэт-праекты холдынга. Пра невыпадковасць падзеі сведчаць некалькі момантаў. Па-першае, напад на рэдакцыі адбыўся ў гадавіну з моманту смерці заснавальніка папулярнага сайту Юрыя Зісера, што як бы ўказвае на наяўнасць асабістага матыву і помсту за дзёрзкую журналістыку. Па-другое, розныя сілавыя ведамствы, якія паспрабавалі патлумачыць акт агрэсіі, заблыталіся ў паказаннях. Калі Камітэт дзяржкантролю заявіў пра нясплату падаткаў у асабліва буйным памеры, то Генпракуратура чамусьці паведаміла, што напад абумоўлены публікацыямі пра дзейнасць незарэгістраванага фонду салідарнасці BySOL. Такая блытаніна паказвае, што аперацыя праводзілася паспешліва, хоць, напрацоўкі, безумоўна, былі. Адсюль успрыманне грамадствам дадзенай акцыі як набега печанегаў у раннім Сераднявеччы на землі Кіеўскай Русі.

Знішчэнне парталу TUT.BY, зрэшты, не з’яўляецца аднамомантным дзеяннем. Яшчэ пры жыцці Юрыя Зісера на рэдакцыю сайта перыядычна аказвалі прэсінг абсалютна рознымі спосабамі. Думаецца, на заўчасны сыход з жыцця бізнесоўца маглі паўплываць многія фактары, якія выклікалі стрэс, але ціск праз партал быў пастаянны. У 2020 годзе журналісты TUT.BY сутыкнуліся з тымі ж праблемамі, як і іх калегі з незарэгістраваных выданняў. Спачатку іх сталі нахабна затрымліваць на акцыях, нягледзячы на легальны статус працы. Пазней, калі пазбавілі рэгістрацыі СМІ, пачаліся гісторыі з арыштамі і штрафамі. У лістападзе 2020-га адна з найвядомейшых журналістак парталу, Кацярына Барысевіч, на паўгода апынулася за кратамі за публікацыю артыкула “Нуль праміле”, у якім гаварылася, што ахвяра невядомых Раман Бандарэнка, быў цвярозы. А не п’яны, як спрабавала сцвярджаць прапаганда. І вось дайшло да налётаў на офісы, арыштаў галоўных рэдактараў і ўласна блакавання парталу. На вачах грамадства разыгрываецца драма, у якой мы назіраем знішчэнне апошніх рэштак легальнай журналістыкі ў Беларусі.

Увогуле, калі аналізаваць падзеі апошніх месяцаў, складваецца ўражанне таго, што спецслужбы з усіх сілаў намагаюцца імітаваць дзейнасць, каб пераканаць свайго шэфа ў тым, што ўсё пад кантролем. Паколькі ў іх няма рэсурсаў і сілаў на тое, каб нейтралізаваць пратэст, які мае глыбінны і ўсеагульны характар, то з артылерыі страляюць па вераб’ях. У дадзеным выпадку змаганне з незалежнай журналістыкай не вядзе ні да якой перамогі, як бы яны сябе не пераконвалі ў адваротным. Публікацыі ў СМІ – гэта наступствы, а прычына ўсяго негатыва – надзвычай некампетэнтнае кіраванне дзяржавай на ўсіх узроўнях, якое кідаецца ў вочы і без ненавісных сілавікам журналістаў. Задушыць партал можна, перасаджаць журналістаў таксама, але незадаволенасць людзей, якая праявілася ў 2020 годзе, ніколі ўжо не пройдзе. Да моманту рашучай перабудовы існай сістэмы, якая ўсё менш адпавядае выклікам часу і чаканням беларусаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ