Чым абумоўленая слабасць антываеннага руху ў Беларусі?



У сацыяльных сетках разгорнутая кампанія, у якой украінцы заклікаюць беларусаў не ўдзельнічаць у злачыннай вайне. Гэтыя спробы дагрукацца да суседняга народу ўкраінцы робяць, імкнучыся запабегчы ўцягванню беларускага войска ў канфлікт. Адчайныя захады мабілізаваць беларускае грамадства, аднак, пакуль даюць дастаткова сціплыя вынікі. І справа тут не ў тым, што беларусы ўхваляюць дзеянні кіраўніцтва РФ, колькі ў комплексе прычын.

Нягледзячы на рэпрэсіі, беларусы ўсё ж уключаюцца паступова ў пратэстовы рух. Удзел тысяч людзей ў антываенных маніфестацыях, у выніку чаго былі затрыманыя каля 800 чалавек, – гэта подзвіг без перабольшання. Цяпер цана пытання настолькі высокая, што грамадзянін, які выходзіць на акцыю за мір, рызыкуе не абмежавацца суткамі арышту.

Чаму ж так сталася, што мільёны беларусаў на гэты момант занялі пасіўную пазіцыю? Галоўная прычына слабасці антываеннага руху ў Беларусі – у парушаных каналах камунікацыі. Дзяржаўныя СМІ напампоўваюць сваю аўдыторыю прапагандай, у якой крывавая вайна ва Украіне – гэта нейкая “ваенная спецаперацыя РФ”, што, відавочна, не адпавядае рэальнасці. Змаганне ўкраінцаў з захопнікамі мае ўсенародны характар, пра што сведчаць кадры абароны гарадоў мірнымі людзьмі, якія без зброі, нават голымі рукамі, адпраўляюць узброеных да зубоў акупантаў ва ўцёкі. Незалежныя СМІ Беларусі, якія раней дыктавалі парадак дня і фармавалі светапоглядную карціну грамадзянаў, не адышлі ад паслявыбарчага разгрому. Аўдыторыі, якія фармаваліся гадамі, са знікненнем сваіх СМІ і з прызнаннем іх экстрэмісцкімі, проста страцілі арыенціры. І цяпер асноўная маса беларусаў шукае альтэрнатыўную інфармацыю абыходнымі шляхамі, збірае яе па частках, аналізуе і робіць высновы. Можна сказаць, запаволеная рэакцыя беларусаў на вайну – гэта прамы вынік зачысткі медыяў, якія маглі б аператыўна і аб’ектыўна распавядаць пра канфлікт.

Голас беларускага народу не так сільна гучыць яшчэ па прычыне таго, што цягам апошніх двух гадоў улада праводзіла ліквідацыю палітычных і грамадскіх арганізацый патрыятычнай скіраванасці. Можна сказаць, што са знішчэннем структур незалежнага грамадства мы апынуліся ў сітуацыі, калі беларусы не змаглі аператыўна адрэагаваць на пагрозу. Пад выглядам вучэнняў на тэрыторыю нашай краіны зайшлі расейскія войскі, якія выкарысталі Беларусь як плацдарм для атакі на Украіну. Такім чынам, беларусы пазбавіліся якой-кольвек магчымасці арганізавана выступіць супраць агрэсіі прэвентыўным чынам, што і прывяло да трагедыі.

Аднак прагноз для Крамля тут несуцяшальны. З кожным днём вайны, якая ўсё больш набывае характар зацяжной кампаніі, а па колькасці ахвяраў з боку войска агрэсара нават пераўзыходзіць ранейшыя войны РФ, можна меркаваць, што антываенны рух у Беларусі будзе ўзмацняцца. І тады ўвесь свет зноў убачыць на вуліцах беларускіх гарадоў мільёны прыгожых людзей, якія супраць вайны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ