Амаль 30 год без СССР
Постсавецкая прастора з пункту гледжання поспехаў гаспадарчай трансфармацыі і дэмакратычных пераўтварэнняў выглядае суцэльнай зонай бедства. Мала якім краінам пасля развалу СССР удалося дамагчыся пазітыўных пераўтварэнняў, забяспечыць годны ўзровень жыцця грамадзянам і сапраўды стаць дэмакратыямі. З 15 былых саюзных рэспублік толькі тры прыбалтыйскія краіны (Літва, Латвія і Эстонія) мэтаскіравана ажыццяўлялі дэмакратычную трансфармацыю, адаптоўвалі заканадаўства і дзяржаўныя інстытуцыі да стандартаў ЕЗ, ажыццяўлялі балючыя эканамічныя рэформы. У выніку ўсе тры краіны заканамерна ў 2000-х гг. сталі сябрамі наймагутнейшага дэмакратычнага звязу сучаснасці – ЕЗ. У дадзены момант паводле толькі эканамічных паказнікаў, не гаворачы пра дэмакратычныя стандарты, кожная з краінаў Прыбалтыкі ўяўляе сабой дастаткова паспяховую і ўстойлівую дзяржаву. Астатнія саюзныя рэспублікі і пераемнік СССР Расея ўвесь час балансуюць паміж так званай “фасаднай дэмакратыяй” і аўтарытарнымі рэжымамі рознай ступені жорсткасці. Некаторыя дзяржавы, як напрыклад, Украіна і Грузія за сваё памкненне стаць у шэраг цывілізаваных еўрапейскіх краінаў заплацілі надзвычай высокую цану ў выглядзе рэвалюцый і тэрытарыяльных стратаў.
Калі казаць пра краіны Цэнтральнай Азіі, то ў эканамічным плане больш-менш стабільны рост дэманструе Казахстан, што робіцца ў асноўным цаной эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. У плане грамадзянскіх свабодаў і дэмакратыі Казахстан – дастаткова тыповая постсавецкая псеўдадэмакратыя з адустнасцю свабоды слова, узурпацыяй улады кіруючым кланам і пераследам іншадумцаў. Іншыя суседзі Казахстану значнымі поспехамі ў плане дзяржаўнага будаўніцтва пахваліцца не могуць.
Аднак у цэнтральна-азіяцкім рэгіёне з нядаўняга часу нечакана дэманструе досыць неблагія вынікі трансфармацыі Узбекістан. Гэтая краіна дзясяткі гадоў мела славу адной з самых жорсткіх азіяцкіх дэспатый з турмамі для іншадумцаў, палітычнымі забойствамі, татальнай галечай і карупцыяй элітаў. Кіраваў Узбекістанам цвёрдай рукой да 2016 году былы савецкі наменклатуршчык, які потым перафарбаваўся ў дзяржаўніка, Іслам Карымаў. Рэпрэсіі ў дачыненні іншадумцаў і прычыны ўзнікнення дэспатыі ён тлумачыў неабходнасцю супрацьстаяць ісламскім рэлігійным фанатыкам. І вось пасля ягонай смерці краіну ўзначаліў былы міністр Карымава Шаўкат Мірзіяёў. Гэты палітык нечакана для ўсіх суседзяў пачаў чыстку сілавога блоку, адмовіўся ад чорнага рынку валют, спыніў практыку прымусовых працаў бюджэтнікаў на зборы бавоўны, паэтапна выпусціў палітычных апанентаў з турмаў, наладзіў адносіны з суседзямі і Турцыяй. Кожны год тэмпы росту эканомікі Узбекістана перавышаюць 5%. Сярэдняя зарплата перавысіла 220 долараў ЗША. Дадамо толькі, што ў канцы 2019 года ўплывовы брытанскі часопіс The Economist назваў Узбекістан краінай году за пазітыўныя змяненні і адыход ад дэспатычнай мадэлі кіравання дзяржавай.
І хоць да дэмакратыі Узбекістану ўсё адно далёка, радуе, што перамены да лепшага пачаліся. За тры гады прэзідэнцкай працы Шаўката Мірзіяёва Узбекістан паказаў, што стагнацыя эканомікі і адсутнасць пераменаў – гэта не наканаванне постсавецкіх народаў, а вынік кепскай працы кіраўніцтва краіны. Аказалася, нават палітычнай волі адзінага кіраўніка дастаткова, каб абвергнуць міф пра тое, што ў Цэнтральнай Азіі немагчыма пабудаваць паспяховую дзяржаву.